Black aspid-блог

Рыгор Балоцін

23.12.14 0:19


Дзядзька мой Рыгор сёння згадваў сваю маладосць.
У 1974 годзе паступіў ён на працу ў НДІСА (навукова-даследчы інстытут савецкай арміі), дзе вырашаў дзеля савецкай радзімы пытанні радыёсувязі (найперш датычныя самалётаў).
Упершыню паслалі яго ў самастойную камандзіроўку ў Пензу. Паслалі на 10 дзён. Але праз дзесяць дзён не адпусцілі - праца не была скончаная. Прайшло яшчэ дзён пяць, Рыгор захваляваўся. Бяда была ў адсутнасці грошай і ў тым, што пачала адрывацца падэшва. Папераймаўшыся крыху, хлопец пайшоў да галоўнага інжынера. Думаў, той грошы дасць, а начальнік параіў яму ... пазваніць у Мінск, на працу. Каб перавялі грошы. Сусед Рыгора свой перавод чакаў дзён 5 ці сем. Перспектывы былі сумныя. Абодва хлопцы вытраслі дробязь з кішэняў. Высветлілася, што на іх супольны капітал можна адужаць набыццё трохрублёвых кедаў. Так савецкі інжынер, сам не ведаючы таго, стаў хіпстэрам))). Далей сусед прапанаваў схадзіць у мясцовае бістро "Каса мара". "Чаго мы туды пойдзем без грошай!" - адмахнуўся Рыгор. Сусел толькі парагатаў з яго і пацягнуў з сабой. "Дзяўчаткі, мы ўсё ніяк не вырашым, якога віна ўзяць", - звярнуўся да афіцыянтак. "Дайце на спробу!" Ім налілі віна на палец. Хлопцы з важным выглядам ацанілі "букет", пацокалі языкамі і папрасілі іншага на спробу. Практыка такіх дыгустацый у той забегалаўцы існавала даўно, таму ў суме мелі прыяцелі па 150 віна - замачылі кеды, каб насіліся.
У гатэлі пад іх нумарам жылі дзяўчаткі-абітурыенткі. Напэўна, норавы ў гатэлі падтрымліваліся суворыя. Але гэта не зашкодзіла наладзіць ліставанне: спускалі хлопцы ліст на вяроўчыне, гэтак сама ўцягвалі ў акно адказ...

Часам даводзілася Рыгору ездзіць па працы ў Літву - Літоўскую ССР. Гэта было выпрабаванне! Літоўцы, павітаўшыся з рускамоўным хлопцам, тут жа пераходзілі на літоўскую мову і старанна тлумачылі, куды ісці. Паколькі Рыгор літоўскай не ведаў, размовы гэтыя яму дапамагалі бы мёртваму прыпаркі. (А бацька мой бажыўся, што літоўцы наўмысна блыталі кіроўцу іх турыстычнага аўтобуса, які вазіў іх дзве гадзіны вакол кірмаша, шукаючы праезду. Такія яны, зацятыя браты). НДІСА установа сакрэтная, часам указанні па даездзе складаліся па прынцыпе "пайдзі налева, адтуль праедзь пяць прыпынкаў тралікам, перасядзь на аўтобус... і г.д. І неяк раз, сеўшы не ў той бок, Рыгор з гадзіну прамучыўся, пакуль адна дзяўчына паспачувала яму і замест літоўскай абракадабры адвяла на прыпынак і пасадзіла ў патрэбны аўтобус. Не лепей было на самім заводзе. У цахах - спрэс літоўская мова. Рыгор пачуваўся марсіянінам. Працаваў бы шалёны: прыбягаў на завод да ажкрыцця, сыходзіў з апошнімі работнікамі. Абы хутчэй справіцца - і дахаты.
Але часцей ездзіў у Казахстан. Аднаго разу паехалі траіх. Прыбылі, адзначылі камандзіровачныя і сабраліся на аэрадром. Высветлілася, што бусік з'ехаў, наступны будзе гадзін праз пяць, пад абед, але ёсць дарога нацянькі. Нацянькі дык нацянькі, рушылі. Праз некаторы час выйшлі на бетонку. Пайшлі весялей. Раптам ледзь не над галавой - невялічкі самалёт. Нясецца, раве, пралятае - і ў неба. Прыкольна. Задралі галовы, правялі позіркам, рушылі далей. А тут ізноў той самалёт проста над галавой. Што яму, дурню, трэба? Блазнуе, па ўсім відаць. Ну добра, паляцеў прэч. Але ж зноў прэцца! Ледзь не ў твар ляціць. І тут нехта з іх скеміў: - Хлопцы, цікаем!
Саскочылі ў бок з дарогі - і праз секунды па бетоннай сцяжыне пакаціў самалёцік, пілот якога ўжо і не ведаў, што рабіць: паліва на нулі, а тры ідыёты занялі УПП!
У камандзіроўках Рыгор зненавідзеў кансервы. Было так: паехалі дваіх з начальнікам. Пайшлі засяляцца ў гатэль той вайсковай часткі, дзе наладжвалі самалёт. Завялі іх у "актавую залю" - памяшканне з пятнаццаццю ложкамі без ніводнага чалавека. Размяшчайцеся! Ўночы было ніякавата. Але перажылі, а зранку рушылі на аб'ект. Цягнуліся ледзь не паўгадзіны ўздоўж даўжэзнага плота ваеннага гарадка. Потым яшчэ столькі ж ад КПП да аэрадрома, дзе стаяла сакрэтная машына. Самалёт быў хітры: то працуе, то не працуе. Савецкія інжынеры людзі смекалістыя. Сталі саваць дэталі ў снег - ці будзе працаваць пасля нізкіх тэмператур? Працуе. Тады сталі гарачым паветрам абдзьмуваць - ці спрацуе пасля нагрэву? Працуе. А потым - раз - і не працуе. Ламалі галаву да абеда. А ў абед зразумелі, што нікуды не пойдуць. Туды-сюды схадзіць, і то часу не хопіць. Ператрывалі да вечара. Давалакліся да КПП, выйшлі, давай крамы ці сталоўкі шукаць. Замкнёна! Перабіліся рэшткамі зсабойкі (бо гатэль, натуральна, без рэстарацыі - савецкі ж гатэль пры савецкай частцы!) А зранку, прыкінуўшы, што і сёння ўночы вернуцца, прыкупілі па батону ды па пары бляшанак кількі. Так пражылі дзён пяць: сняданак - паўбатона ды кілька ў тамаце, вячэра - паўбатона ды кілька ў алеі. Згадла да ванітаў. І тут нехта спытаў у іх, чаму яны штодня ідуць праз КПП, а не праз дзірку, як увесь афіцэрскі склад. Якая дзірка? Гэта ж суперсакрэтны аб'ект! Але ў метрах дзесяці ад іх праклятага самалёта і сапраўды адшукалася дзірка ў плоце, якая вывела мужчын акурат да ганка гатэля. Жыццё наладзілася! Кілька з батонам саступілі месца нармальнай сталоўскай ежы.Праз пару дзён, здаючы нумар перад ад'ездам, начальнік задумліва сказаў: "Упершыню так з'ездзіў у камандзіроўку, што камандзіровачных на ўвесь тэрмін хапіла..." Вядомая справа! Рыгор, захоплены вынаходніцтвам, увесь вольны час нешта пісаў ды крэмзаў, пралічваў ды пералічваў, а на п'янкі не квапіўся. (А калі звольніўся з НДІСА, меў ужо ажно 52 пасведчанні аб рацпрапановах ды вынаходніцтвах. Ды не ў той краіне жыў: меў з гэтага ўсяго капейкі ў якасці матэрыяльнага заахвочвання.)
Камендант хацела выпісаць ім квітанцыю (каб на працы кампенсавалі пражыванне). Начальнік разлічыўся, а паперу не ўзяў: "Скажам, што не ў гатэлі жылі, а мусілі хату арэндаваць. Выплацяць удвая!" - навучаў ён Рыгора.

А аднаго разу праз сакрэтнасць сваёй місіі ледзь не трапіў Рыгор у пастарунак. Савецкія заводы ўсе былі завостраныя пад абаронную прамысловасць, і часам пад шыльдай "Велазавод" з канвеера сыходзілі грозныя танкі, аа завод электраабсталявання паміж справай выпускаў сістэмы навядзення ці іншую профільную прадукцыю. Насельніцтву пра тое ведаць неварта было. У сценах НДІСА заводы гэтыя зваліся сваімі назовамі (а кожны супрацоўнік даваў шматгадовую падпіску пра неразгалошанне дзяржаўнай таямніцы). Так жа і ў паперы камандзіровачнай пісалі. А на мясцовасці даводзілася шукаць завод з нейкай бяскрыўднай назвай, пра якую казаць заранёў ніхто мог і не парупіцца. Паперак камандзіраванаму заўсёды давалі дзве: публічную, якую можна было паказваць каму заўгодна, і сакрэтную - так званы допуск, які падцвярджаў, што ты не шпіён, а адказны савецкі інжынер - толькі сакрэтнаму чалавеку на сакрэтным прадпрыемстве (а іначай - парушэнне дзяржаўнай таямніцы і кірдык). А тут, як на тое, завод ніяк не знаходзіцца. Ёсць нейкае прадпрыемства, а назва зусім не пра тое. І не зразумееш, ён, не ён... Пытаецца ў людзей па той назве, што ў несакрэтнай паперцы - ніхто і не чуў пра такі завод. Пайшоў з гоа ў міліцыю: скажыце, дзе ў вас вось гэты завод? Няма, кажуць, такога завода. Дык як жа няма, калі мяне сюды накіравалі? А вось няма! А будзеце тут з вашай паперкай галаву дурыць, дык мы цябе на суткі закрыем, разумнік выкапаўся!
Пайшоў Рыгор прэч. Аж бачыць: вайсковая частка! Ён з вайскоўцамі спраў багата меў, парадкі ведаў. Падышоў да вартавога, папрасіў паклікаць начальніка змены. Той у паперчыну зірнуў і маша рукой у бок таго самага завода. "Дык там жа не тое!"- не верыць Рыгор. "Тое, што вам трэба. На назву не зважайце",- супакоіў афіцэр. І не падмануў.

Аўтар Паведамленне
Няма адказаў
Спіс форумаў Нашыя дзеткі -> Блогі -> Black aspid-блог
Post a Reply
Смешкі
Сьмешка Міргаю Сумнік Razz
Ржунімагу Супер! Плачу! Афігець-застрэліцца!
Злы Rolling Eyes Вельмі шчасьлівы Сп. Зялёная Усьмешка
Кул! Гыгыгы Самы шчасьлівы ў сьвеце Ніякі
Зьбянтэжаны Я ў шоку! Evil or Very Mad У двухкосьсі
Дадатковыя смешкі
Закрыць тэгі
Options:
HTML УКЛЮЧАНЫ
BBCode УКЛЮЧАНЫ
Сьмешачкі УКЛЮЧАНЫЯ



 
Часавы пояс: GMT + 3
Рухавік блогу заснаваны на The Blog Mod version 0.2.4 by Hyperion
Powered by phpBB © 2001, 2002 phpBB Group
Weblog style by Hyperion
Original style from LiveJournal.