зімовае праслухоўванне 2014
5.02.14 11:59
[
Настрой: Yahoo! ]

Калі агента кдб нельга забіць, варта яго купіць. Артыст К. дужа пераймаўся з-за адсутнасці Марка, з якім хацеў спяваць дуэтам. Давялося паабяцаць 2 падарункі... Цуд! Артыст кінуў ляжаць на падлозе клубочкам і пабег рэпетыраваць! А тут і Марк падышоў. Эх, паспяшалася з прапановай...
Смешныя моманты і неспадзяванкі на нашых унутраных канцэртах - не рэдкасць. Весяліліся і гэтым разам. Але каб абсалютная большасць гэтых момантаў належала маёй тройцы... Карацей, гэта быў наш бенефіс!
Артыст К., выйшаўшы на сцэну, заплюшчыў вочы, павярнуўся да залі бокам, закінуў галаву і стаў злёгку трэсціся на манер прыпадачнага. Марк на гэта відовішча філасофскі пазіраў. Міла, якая заўсёды сядзіць на першых шэрагах і падказвае словамі ды рухамі, запыталася, чаго б гэта ён. К. патлумачыў, што зараз ён спіць, а як толькі пачнецца музыка - прачнецца. І вось загучала фанаграма... К. падскочыў на 15 см ўгару з воплем кшталту варонінага сола, сцепануўся і спакойна стаў спяваць пра бабулю і аладкі.
Артыстка А. рыхтавала нумар даўно. У патрэбны момант ёй трэба было высыпаць на гледачоў бліскучыя зоркі. Дзякаваць пільнасці таты, зоркі былі вырабленыя з цукеркавых фанцікаў за гадзіну да канцэрта, аэрадынамічныя якасці я тэставала асабіста, стос у кішэні зберагаў адказны М. Перад выступам старэйшай групы зоркі былі выдадзеныя спявачцы - здавалася, ніякіх нечаканасцяў быць не можа. Але таленавітыя дзеці таленавітыя ва ўсім. Паспяхова шпурнуўшы ў паветра зоркі (якія тут жа прыгожа асыпаліся пад ногі), А. даспявала прыпеў. І тут яе напаткаў пройгрыш. Чаго час губляць? - падумала, напэўна, А. і на вачох гледачоў прысела і хуценька прайшлася гусіным крокам па колы, падбіраючы фанцікі. Падабрала, паднялася, на апошняй ноце зрабіла кніксэн і пад апладысменты сышла. "Гаспадынька!" - толькі і сказаў Валеры Шмат.
Артыст М. хваляваўся толькі дома. Перад сцэнай, наноў ускудлачаны ў адпаведнасці з вобразам, пачувашся цалкам спакойна. Выйшаў на сцэну заранёў. Святлана Барысаўна ўключыла музыку, спытала: Гэты мінус? Артыст М. важна хітнуў галавой, падняў мікрафон, набраў паветра... і зароў на ўвесь паверх голасам галоўнага Рамштайна, бо мінус апынуўся плюсам. Праз некалькі секунд памылку выправілі, але ўражанне гледачы захаваюць надоўга.
Але мушу канстатаваць: усе малайцы. Старэйшаму налета трэба было б індывідуальныя заняткі...
вось і Валеры Шмат не толькі даў пару асабістых заўваг, але прапанаваў 1 гадзіну індывідуальнай вакальнай кансультацыі для малога , якой М. застаўся вельмі задаволены. Сапраўдны знак, што развівацца ёсць куды...