Black aspid-блог

выхаванне...

29.10.13 21:40

[  Настрой: Rolling Eyes ]

Мікалай Аляксандравіч расказвае, што выхоўвалі яго жорстка. Аляксандр Пятровіч неаднаразова пускаў у ход папругу. Раз пасля вайны ( а "пераможцы" вярталіся ў родныя вёскі псіхічна траўмаваныя, як і сёняшнія ваяры гарачых кропак - чатыры гады забойстваў і страт літаральна выпальвалі душы, мужыкі былі злыя, знэрваваныя і да трох не казалі) суседзі намякнулі бацьку, што ведаюць пра крадзенае калгаснае збожжа (колькі таго збожжа было - гісторыя маўчыць, але закон пра пяць каласкоў акурат быў на ўзбраенні). І вось сусед кажа, маўляў, гэта Мікола сказаў.
Мікола пра тое зерне і не ведаў. Але бацька, спалоханы і раз'юшаны адначасова, разбірацца не стаў: адлупцаваў малога так, што той ледзьве выпаўз з хаты і знепрытомнеў дзесьці ў гародзе, дзе праваляўся да захода сонца. Ірына Максімаўна адшукала сына, занесла ў хату на руках. Хлапец тады моцна прастыў і захварэў на пнеўманію.
Выхаванне такога кшталту працягвалася, пакуль Мікола не прыдбаў дзесьці пісталет. Чарговы раз бацька ўзяўся за папругу, але малы ўцёк на сенавал. Бацька пагнаўся за ім, і тут убачыў, што сын стаіць і скіроўвае на яго пісталет. "Тата, не чапайце мяне, бо стрэлю!"
Мікалай Аляксандравіч кажа, што не стрэліў бы ў бацьку. Але той моўчкі павярнуўся і сышоў. Біццё спынілася.
У бандыцкай пасляваеннай Воршы гадаваць сыноў было цяжка. Церашковым пашанцавала: дзеці бандзюкамі не сталі. Дзякаваць выхаванню, насуперак ці самі па сабе - хто цяпер разбярэ...

>>> яшчэ паведамленні ў гэтай катэгорыі: продкі

Старонка 1 з 1.
Аўтар Паведамленне

Tanya
Свой чалавек

Зарэгістраваны: 28.04.2006
Паведамленні: 1921
Адкуль: Менск

ПаведамленнеДададзена: 2.11.13 21:54    Загаловак паведамлення:
Адказаць з выцемкаю

Цешуся, як дзіця, кожны раз калі з'яўляецца чарговы пост пра Церашковых. І кожны раз зайздрошчу тваім малым. Супер!

Угару Праглядзець пашпарт Даслаць цыдулку
Паказаць паведамленні:   
Старонка 1 з 1.
Рухавік блогу заснаваны на The Blog Mod version 0.2.4 by Hyperion
Powered by phpBB © 2001, 2002 phpBB Group
Weblog style by Hyperion
Original style from LiveJournal.