Black aspid-блог

ПАХАВАЛЬНЫ КВЕСТ

5.01.15 10:08

[  Настрой: Ніякі ]

Магчыма, гэта псіхатэрапеўтычны пост. А можа, зараз набягуць пісменнікі выкрываць мой цынізм. Валяйце.
Калі нябожчык – вы, у вас пэўны прывілей – не турбавацца зямнымі дробязямі. А вось блізкім нябожчыка даводзіцца перажыць сапраўдны квест, і на ўсіх узроўнях адчуць хіба змрочны цень задавальнення ад перамогі над абставінамі.
1, Вы ўбачылі.
Прыемнага мала, можа быць шок, але пачынаць дзейнічаць даводзіцца хутка. Па-першае, 103 і (калі смерць чалавека для вас – нечаканасць) 102. Не спрабуйце будаваць версіі і падманваць следства нават у дробязях (калі вы ні пры чым, вы толькі сабе праблем нажывяце несутыкоўкамі. Выпадкі вашай віны не разглядаем).
Цяпер у вас ёсць некалькі гадзін сабрацца з думкамі і наладзіць працэс. Пакуль доктар з паліклінікі альбо хуткай дапамогі запаўняе паперы, участковы раіцца з сумленнем, ці трэба экспертная група, эксперт фатаграфуе, вымярае шырыню праёмаў і даўжыню калідора, праводзіцца вынятка доказаў і пяццот разоў задаюцца стандартныя пытанні, падпісваюцца пратаколы і чакаецца перавозка, вам трэба прыняць шэраг рашэнняў.
Зірніце на каляндар, некалькі разоў. Адкажыце на пытанні: ЯКІ СЁННЯ ДЗЕНЬ? ЯКІ ЗАЎТРА ДЗЕНЬ? ЯКІ ПАЗАЎТРА ДЗЕНЬ?
Калі адказы : 1 студзеня, 2 студзеня і 3 студзеня і гэта ўсё – выходныя, вы папалі. Але, магчыма, сёння – яшчэ будні і дзень, а вось заўтра – выходны. Тады варушыцца трэба пачынаць вельмі хутка.
Дакуманты па нябожчыку афармляюцца на канкрэтнага чалавека. Ён будзе займацца (прысутнічаць) заборам цела, афармленнем пахавання і г.д., ён пойдзе і за выплатамі, і за даведкамі. Калі на бліжэйшыя дні ў вас непарушныя планы – тэрмінова шукайце і выклікайце на сябе такога чалавека.
Вы гатовыя аформіць натарыяльную даверанасць на агента, які вырашыць за вас усе пытанні? Без даверанасці агенту спатрэбіцца вашая прысутнасць пры афармленні. Затое вы скінеце з сябе кучу клопатаў – кошт гэтай свабоды я не ведаю, знаёмых агентаў не маю. Але пра даверанасць чытала ў абвестцы на спецкамбінаце, гэта ўступае ў сілу вось зараз – цягам тыдня ці месяца.
Калі дзейнічаеце самі – ацаніце спіс сваіх патэнцыйных памочнікаў. Выкрэсліце адтуль “добрых людзей рамантычнага склада, якія шануюць спрадвечныя традыцыі і ведаюць, як што трэба” і старайцеся з імі не кантактаваць асабіста дзён 40-50. Пакіньце ў спісе людзей са здаровым сэнсам, моцнымі нэрвамі і КРЫХУ цынічным светапоглядам. Пажадана тых, хто ведае: на пахаванні заўсёды і ўсё адбываецца ПРАВІЛЬНА (натуральна, я маю на ўвазе колер вопраткі прысутных, фасон труны і выбар меню для памінак, а не брудныя сваркі нашчадкаў і іншую крымінальшчыну). Пастарайцеся самі ці з дапамогай аднаго з гэтых людзей размеркаваць клопаты.
2. Апавяшчэнне сваякоў і знаёмых
Калі гэта будзённы дзень, то найперш трэба звязацца з прадпрыемствам – апошнім месцам працы (калі чалавек працаваў вельмі доўгі час на адным месцы, а пад канец – на іншым, можаце і 2 месцы працы патурбаваць). Апроч вянка ад прафкома і пары калег на пахаванні гэта можа быць дапамога: фінансавая (аплата па прад’яўленых чэках, копіі якіх вы старанна збіраеце – напрыклад, 25 базавых), прадастаўленне аўтобуса, аркестр і салют на пахаванні (для ветэранаў). Чаму найперш? Бо па выходных яны не працуюць, а прафкомам і бухгалтэрыі таксама трэба час.
Далёкія сваякі. Далёкія геаграфічна, але блізкія эмацыйна – яны могуць хацець прыехаць болей, чым вы спадзяецеся. Не будзем пачынаць на тэму “хто годны, хто не”. Проста некалькі гадзін у адпраўцы тэлеграмы ці міжгароднім тэлефанаванні могуць важыць вельмі шмат.
Блізкія сваякі – геаграфічна блізкія, паўтаруся – хай паведамляюць адно адному самі і адразу даюць адказы на пытанне: колькі ад вашай сям’і людзей будзе на пахаванні? Колькі вольных месцаў будзе ў машыне і каго з “безмашынных” сваякоў возьмуць пад сваю апеку? колькі зможа прысутнічаць на памінках? АДЗІНЫ прызначаны каардынатар вядзе падлік, пераправярае і ўдакладняе.
3. Вызначцеся з працэдурай.
А) хаваць у зямлю ці паліць? Аргументы: воля нябожчыка – улічваецца памоцна, вырашальная пры іншых роўных магчымасцях; наяўнасць у коле сваякоў закупленага месца на могілках (у калумбарыі) – калі сваякі гатовыя саступіць гэтае месца (у магілах, дзе нябожчыку больш за 25 год ад пахавання, дазваляюць хаваць наверх пры ўмове пацверджанага дакумантамі блізкага сваяцтва, падзахаванні урны ў сямейную магілу дазваляюцца без абмежавання); пажаданні найбліжэйшых сваякоў. Меркаваннем астатніх лепей не цікавіцца – хіба толькі самі разгубіліся канчаткова, і ў тых, хто дапаможа вызначыцца, а не рамантычна марыць пра сваяка ў крамлёўскай сцяне. Інакш пачнецца яшчэ той рэферэндум.
ДЗЕ будзеце хаваць. У вас гэта спытаюць і занясуць у дамову ў спецкамбінаце (а перад тым яшчэ міліцыя, здаецца, спытае і запіша ў пратакол). Звярніце ўвагу: у кошт крэмацыі ўваходзіць дастаўка урны на пазначаныя могілкі і падзахаванне яе ў магілу (сцяну) – дату гэтай апошняй паслугі вам паведамяць у крэматорыі. Ці на любыя (напрыклад, вясковыя) могілкі даставяць – не ведаю. Ці можна заранёў адовіцца ад паслугі – не ведаю, асобна пра яе нас не папярэдзілі пры афармленні дамовы, а раней - 6-7 год таму - існаваў самавываз урны.
Б) забіраць цела дахаты на ноч ці не. Старым людзям важныя традыцыі. Але варта і логіку ўключыць. Кватэра нябожчыка можа быць за некалькі гадзін прыведзеная ў добры стан, нехта можа, і хоча, і ў стане прысутнічаць там пастаянна (цела па магчымасці не пакідаюць), калідоры дазваляюць пранесці труну альбо сродкі і сілы – занесці-вынесці праз акно? Ці справа скончыцца вынасам цела на анучы з высокаэстэтычным укладваннем у падушкі труны проста на лесвічнай пляцоўцы? Праблемы вузкіх (загаджаных альбо цёмных ды непраходных) лесвічных маршаў таксама існуюць. Грузавыя ліфты – экзотыка. Таму многія, чый нябожчык воляй лёсу апынуўся не дома, развітваюцца з ім у рытуальнай залі.
Пад’ём ці спуск труны на 1 паверх ацэнены спецкамбінатам у 30 тысяч (на пачатак 2015 года) – калі няма знаёмых моцных целам ды нэрвамі хлапцоў – забабоны і прыкметы не раяць несці труну кроўным сваякам.
Вынас з машыны альбо пагрузка ў машыну сіламі спецкамбіната – 1 200 000. За кожны раз.
В) выбар рытуальнай залі (калі развітанне адбываецца не дома).
Каля кожнага морга ў Мінску ёсць адпаведная крама і развітальная заля. На вул. Якубоўскага гэта – памост 1,5 на 2,5 м, вакол якога могуць стаць чалавек 10 плячо да пляча, а па сценах акуратнымі штабялямі высяцца дамавіны розных фасонаў. Непадалёк – з асобнага ўвахода – можна набыць вянок, касцюм і г.д. (аналагічная абстаноўка ў 10 лякарні), набыццё дамавін перапыняецца на час развітання. Кошт 100 000.
Пры спецкамбінаце (вул.Альшэўскага) – прыстойная заля з асобным уваходам (іх дзве) за 530 000, асобна можна заплаціць рупліваму чалавечку, які пакіруе, дзе стаць, калі зайсці-выйсці. Не плацілі, таму кошт не ведаю.
Рытуальная заля ў крэматорыі – этап неабавязковы: вы можаце аплаціць паслугу ў фармаце “без залі” – нябожчык адразу адпраўляецца чакаць крэмацыі. Альбо развітацца ў залі, з прафесійнай вядоўцай, музыкай і г.д.
Г) ладзіць памінкі дома ці ў кафэ-сталоўцы-рэстарацыі.
Кошты кафэ, прапанаваныя спецкамбінатам – ад 210 000 на чалавека, проста кафэ – ад 200-250 тыс. (з таго, што нам адказала 2 студзеня.) Калі будзённы дзень – можна паспрабаваць дамовіцца са сталоўкамі прадпрыемстваў – у выходныя яны могуць адчыніцца дзеля вас, але дамаўляцца трэба ў будні. Як і паўсюль, добра мець знаёмых рэстаратараў. Алкаголь, як правіла, набываеце самі (спецкамбінат уключае ў меню па 50 гр на чалавека).
Д) выбраць фатаграфію для партрэта на развітальны стол. І чалавека, які замовіць партрэт (на навагодніх выходных гэта – пара кропак на горад).
4. Забраць даведку пра смерць. Без гэтай паперкі вы не дамовіцеся ні з кім, апроч кафэ. У нас і труну, здаецца, без яе не купіш (не спрабавала).
Калі чалавек доўга хварэў, і паліклініка пра тое ведала, прычына смерці відавочная - ускрываць труп патрэбы няма – даведка ў вас адразу. Смерць па-за домам (нават у лякарні) ці смерць чалавека, які па меркаванні медыкаў альбо следства мог бы жыць, робіць ускрыццё непазбежным, тады даведку выдае бюро экспертызы пры моргу. Калі вам дадуць тэлефон і скажуць “патэлефануйце заўтра зранку”, пазваніўшы, высветліце не толькі, калі вам прыязджаць, але і калі абед (ага, у паталагаанатамаў нармальны апетыт і на працы), і да якой гадзіны працуюць (бо могуць да 15, а могуць і да 17) у патрэбны вам дзень.
У даведцы можа стаяць дыягназ, а можа быць пазнака “уст” – дыягназ устанаўліваецца. Калі вы не хочаце мець сапраўдны дыягназ у пасведчанні аб смерці – у будзённы дзень пасля пахавання ідзіце ў ЗАГС і мяняйце пашпарт нябожчыка на пасведчанне. Калі ў вас ёсць жаданне альбо неабходнасць мець дакладны дыягназ – як юрыдычны доказ ці як маральнае сведчанне – вы чакаеце некалькі тыдняў, пакуль эксперты даюць выніковае заключэнне, паўторна атрымліваеце ў іх даведку пра смерць і ўжо тады ідзяце за пасведчаннем у ЗАГС і за выплатамі ў аддзел сацыяльнага забеспячэння (калі дзяржава вам нешта хоча даць). Калі вы паспяшаліся і атрымалі пасведчанне без дыягназа, а потым узнікла патрэба ў поўным дыягназе – пасведчанне можна перарабіць шляхам бюракратычнай працэдуры. Перарабляюць многія.
Атрымаўшы даведку, пачынаеце займацца падрыхтоўкай нябожчыка ў апошні шлях. Дома гігіенічныя моманты і апрананне прасцей даручыць агенту альбо знаёмаму з добрымі нэрвамі. У лякарні гэта зробяць санітары морга. Экіпіраваць у апошні шлях ад чаравікаў да насоўкі і гальштука каштуе да мільёна (часам ёсць выбар фасонаў-колераў, часам не), можна, напэўна, вопратку прывезці сваю. Старую вопратку прапануюць аддаць вам альбо знішчыць (калі гэта не ўліка).
Нябожчыка вам могуць – па вашым жаданні – памыць, пагаліць, пастрыгчы валасы-вусы-бараду, пасушыць валасы (“вам класці з мокрымі валасамі ці пасушыць?”- спытаў малады чалавек з развітымі цягліцамі), бальзаміраваць (розныя спосабы каштуюць прыблізна аднолькава, дэталяў не ведаю), грыміраваць твар і не толькі твар… Грым аплочваецца ў залежнасць ад складанасці. Дасведчаныя людзі кажуць, што нават пабываўшага пад “камазам” могуць зрабіць як жывога.
Апошні пункт – перакласці ў труну цела – 70 тыс – прымусіў задумацца і ўявіць…
Агулам мінімальны пакет пацягне каля 1000 000, на пытанне, ці трэба вам бальзаміраваць, адкажуць, што іначай не гарантуюць, што з нябожчыка нічога не пацячэ. Думаю, у іх мала хто перапытвае…
Крыж ад 200 000, вянкі-кошыкі па-рознаму, падпісаць стужку – каля 40 000, труна ад 800 000… выбіраць лепей камусьці аднаму, іначай падчас плебесцыту колькасць нябожчыкаў патэнцыйна ўзрасце.
5. Маршрут
Цяпер, калі вы маеце на руках даведку пра смерць, можна замаўляць “апошні шлях”. Вы ведаеце дзень пахавання (крэмацыі), вызначылі фармат усіх этапаў і прыблізную колькасць удзельнікаў і машына-месцаў. Ваш шлях ляжыць у спецкамбінат на вул.Альшэўскага.
1) Калі вы вырашылі хаваць у зямлю – самы час задбаць пра рыццё магілы. На старых могілках можна сутыкнуцца з неабходнасцю пілаваць дрэвы, карчаваць пні, здымаць агароджу і дэмантаваць помнік (пры пахаванні наверх на старую магілу ці жаданні пашырыць сямейнае месца за кошт заняпалых магіл-сірот вакол (калі папярэджанне пра дабраўпарадкаванне магілы правісіць 2 гады безуважна, недагледжаная магіла можа быць пераведзеная ў “фонд” і прададзеная ахвочым. А папярэджанне выглядае як каляровы шматок паперы фармата а6, які прыклеяць на пахілую агароджу).
Варта адправіць адказнага чалавека з праверкай і заранёў пераканацца, што магіла адрытая, друзы ад помніка і камлі дрэў адцягнутыя на сметнік. Узімку спатрэбіцца болей часу – на адтайванне зямлі. На старых могілках экскаватар не пад’едзе.
Калі вы проста атрымаеце месца ад спецкамбіната на “новых” могілках – гэтыя праблемы не вашыя. Вашыя праблемы тады – якіх памерлых адведаць на Радаўніцу, а якія пачакаюць. Вам скажуць і час пахавання.
2) Калі вы абралі развітанне ў крэматорыі, вам рэзервуюць канкрэтны час. Калі развітваецеся ў іншым месцы – час прыбыцця ў крэматорый неістотны. Цяпер вы можаце прадметна дамаўляцца з кафэ. Дарога ад Паўночных могілак зойме менш за гадзіну (калі вам не пашчасціла замовіць памінкі на зусім ужо супрацьлеглым канцы Мінска).
3) У спецкамбінаце ў вас запатрабуюць даведку, пашпарт памерлага і ваш пашпарт, пры пахаванні ў зямлю - дакуманты, якія падцвердзяць наяўнасць месца на закрытых гарадзкіх могілках – калі вы маеце магчымасць хаваць там, альбо вылучаць вам месца на адкрытых на сёння могілках вакол горада.
4) У вас спытаюць, адкуль забіраць, дзе развітанне, куды везці потым (якія могілкі), куды катафалк будзе вяртаць людзей – адказы спатрэбяцца хутка, бо за вамі стаіць чарга такіх самых арганізатараў пахавання – у спецкамбіната прастояў не бывае.
5) Вам прапануюць:
поўны спектр пахавальных атрыбутаў (калі тое, што ў залі, вам не падыходзіць, вам пакажуць склад).
Дапамагчы замовіць сталоўку для памінак (вул.Кальварыйская, вул.Бельскага – прапанавалі нам) і тут жа на месцы выбраць меню.
Транспартыроўку труны і людзей.
Пракансультуюць па памеры труны.
У будзённы дзень вырабяць партрэт нябожчыка – на выходных НЕ.
Падпішуць жалобныя стужачкі (толькі на тыя вянкі, што вы купіце на месцы, стужку без вянка альбо кошыка не дадуць).
На століках можна ўбачыць візітоўкі святара, арганізатара банкетаў і г.д., натуральна, ёсць заля развітанняў (распісваецца па 45 хвілін) і распараджальнік пахаванняў.
Святары нібыта не служаць у крэматорыі. А вось у развітальных залях – так.
6) Забіраць цела прыедуць акурат так, каб не спазніцца на развітанне – нават на 15-20 хвілін раней. Час вам скажуць адразу пры афармленні.
Гэта можа быць спецмашына – перавозіць толькі труну, напрыклад, з морга да месца развітання, куды людзі прыедуць самастойна – альбо катафалк – для труны і людзей (можа быць ад 4 месцаў і болей, кошты блізкія).
7) У крэматорыі ці на могілках той, на каго аформлены нябожчык, мусіць афармляць юрыдычныя фармальнасці з прадстаўнікамі адміністрацыі. У крэматорыі трэба адразу ж выбраць фасон урны і аплаціць яе на месцы (не, ну можна потым заехаць…) Каля 1500-200 тыс.
6. Паперы, якія пастаянна трэба мець пры сабе – даведка пра смерць (прад’явіць давядзецца разоў 100), пашпарт памерлага – таксама 100, пашпарт таго, на каго афармляўся нябожчык – разоў 50. Дамовы на падрыхтоўку цела, дамовы на перавозку і на развітанне, крэмацыю – прад’яўляць адпаведна. Чэкі збіраць, калі прадпрыемства гатовае ўдзельнічаць у выдатках, альбо калі фінансавы цяжар нясуць некалькі сем’яў. Паперы, якія падцвярджаюць валоданне месцам на могілках (пры крэмацыі не спатрэбяцца), паперка з крэматорыя – дамова пра дзень і час падзахавання.
7. Візіт у храм – калі нябожчык быў вернікам. Можна падаць на малебен, можна набыць “пахавальны набор” – папяровую павязку на лоб, іконку ў рукі (так робяць праваслаўныя, за каталікоў не скажу), запасціся свечкамі (на іх добра апрануць паперкі, каб бараніць руку, вопратку ды падлогу ад кропель воска), просвіркамі (памінальныя булачкі, якія рэжуць на ўсііх па кавалачку і ядуць перад памінкамі), а таксама запрасіць святара – калі не дазваніліся па візітоўцы.
На заметку: святар, каб папярэдзіць FAQ з нашага боку, запэўніў: пашкодзіць душы нябожчыка мы не можам нічым і ніякім чынам, што б мы ні зрабілі ці не зрабілі; кулічы і яйкі можна, а сваркі і помста – нельга. Калі мы жывем з любоўю, нашым памерлым гэта залічваецца, а вось брыдота розная залічваецца толькі нам.
Паўтаруся, гэта не ўніверсальны мануал, а абагульненне асабістай інфармацыі са спадзёвам, што пакуль спатрэбіцца – сто разоў усё памяняецца…

>>> яшчэ паведамленні ў гэтай катэгорыі: справы надзённыя

Аўтар Паведамленне
Няма адказаў
Паказаць паведамленні:   
Рухавік блогу заснаваны на The Blog Mod version 0.2.4 by Hyperion
Powered by phpBB © 2001, 2002 phpBB Group
Weblog style by Hyperion
Original style from LiveJournal.