Марылі мы, марылі пра Сапраўдную Зіму - і вось яна... як снег на галаву!
А я, аказваецца, і падрыхтавацца не паспела, акурат як нашыя дарожныя службы, для якіх снег узімку - заўжды "нечаканасць". Дакладней, санкі і цацкі стаялі напагатове, вазок на вялікіх колах адмыслова летась не прадала... але даць рады ўсяму гэтаму дабру!.. Ды ў сумётах! Ды з малымі!
Цэлы тыдзень мы выграбаліся на шпацыр прыблізна так: "діван, чемодан, саквояж, картіна, корзіна, картонка і маааленькая собачонка". Настасся не пагаджалася гуляць без санак, Яраш не пагаджаўся ехаць на санках і ісці пешшу, абое не пагаджаліся выходзіць з дому без цацак... Словам, збіраючыся на вуліцу, я штораз прыгадвала задачу, як пераправіць праз рэчку ваўка, казу і капусту.
За некалькі дзён увесь гэты цыганскі табар добра стаміў.
Выйсце ўзнікла раптоўна, ну проста deus ex machina. Пакуль Яраш абурана выказваўся супраць снегу, сабак і адсутнасці ўласнага транспарту (пайшлі праз дарогу на горку, вазок не ўзялі), Настасся ўсцябурылася на санкі і гасцінна запрасіла: "Яраш, хадзі да мяне на ручкі!"
І ён пайшоў, і нават паехаў, йесс!
Яны часам такія мілыя, гэтыя дзеці))
Людцы, якое гэта шчасце. Цяпер мінус вазок і цацкі. І зіма ўсім на радасць.
Фактычна засталіся толькі "картіна, корзіна, картонка".
А гэта ўжо зусім іншая ступень свабоды!
Тэрмінова трэба фатаграфаваць гэтую шыкоўную зіму. А то адзіны фотаўспамін - як мы калядавалі. Файны ўспамін, хоць снегу было вобмаль; ну ды дзецям хапіла.
(Праз хвіліну Наста ці Ян пацэляць снежкаю за каўнер, і я ганебна ўцяку.)
