Алена Церашкова дзецям
Select messages from # through #
[Print]
Пераход да іншай старонкі: 1, 2  наступная »  :| |:
Нашыя дзеткі -> Дзіцячая літаратура
#1: Алена Церашкова дзецям Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 3.01.18 7:43

Паколькі ідзе нейкі збой на Пішам Самі - буду публікаваць тут тое, што раней валілася туды. Афіцыйна папярэджваю: творчасць не народная, а аўтарская, што і прашу улічваць пры выкарыстанні.

#2:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 3.01.18 7:44

Ці жывыя кветкі?

Ці жывыя трава ды кветкі?
- Не! – адкажуць малыя дзеткі.
- Бо не бегаюць, не крычаць.
- Не згаджаюцца пагуляць.
- Анічога не робяць днямі.
Разважце самі!
Пасміхнуцца таты і мамы:
- Не, жывыя яны таксама!
Нараджаюцца і растуць,
Каранямі вадзіцу п’юць,
Дыхаюць праз лісточкі,
Заплюшчаць пад вечар “вочкі”…
А калі адкрасуюць кветкі,
Застанецца насенне – дзеткі!

Алена Церашкова


#3:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 3.01.18 7:49

чыстагаворкі (мнд02 па 2.01.2017 - паметка тэхн.)

Белы бусел баяў байку беламу зайку,
чорны бусел чакаў у чароце чайку ды чаплю.

Лётчыкі на лецішча паляцелі з лётнішча,
Пасадзілі шрубалёты на цыбулю каля плота.

Паўгода пагода на поўначы,
Паўгода пагода на поўдні.

Ад падпола да паддашка дрыллю дом свідруе Дашка

Па аўторках у Рыгоркі генеральная прыборка:
Прыбірае сам Рыгор двор, гарышча й калідор.

У трусоў маршрут просты:
тры прыпынкі трамваем, тры прыпынкі тралейбусам,
тры прыпынкі метро і чатыры - электрычкай.

Штогод гадую ў гародзе гародніну,
гады ў рады завожу ў гарады.

Жыў у Жэнькі вожык Жменька,
жэўжык вожык, жэўжык Жэнька.

Парсючкі ў барсучкоў папрасілі пару парасонаў.

Мама мыла Мілу мылам,
Міла мыла не любіла.
Міла мыла ўтапіла,
Мама новае купіла.

На дварэ халодна – апранайся цёпла,
На дварэ цяплей – апранайся лягчэй.

Шавец шые шылам шціблеты шыншылам.

Шпак шпаку пашыў шапку.

У цмока смакоцці: цукеркі й чупа-чупсы.
Цмокі смокчуць чупа-чупсы, а цукеркі грызуць.

Запрашае рыбу рак на факстрот ды кракавяк.
Рак стараецца дарма: проста ў рыбы ног няма!


#4:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 28.01.18 9:30

Аліна ў маліны, а Жанна ў ажыны.
Тэлефанаваў тэлеграф тэлевежы, датэлефанаваўся да тэлескопа.
У чмяля джала і ў пчалы джала. Чмель пчалу паважаў, пчала чмяля паважала.


#5:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 23.02.18 9:15

У сарокi сыр, у сыры – сорак дзiр.

У муцэ муха, мусе мука па бруха.


#6:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 27.02.18 20:15

У качара гарод: гарлачык ды чарот.

#7:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 28.03.18 17:10

На балоце белы бусел трох рапух ныраць прымусiў.

#8:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 15.04.18 8:13

У аўторак экскаватар рыў траншэю цераз кратар.
Чорны кратар Кракатау тры дні грымеў ды грукатаў.


#9:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:49

падабраць пары па сэнсе: група 1 з групай 2

1. Языкамі зачапіцца
2. За чубы звязаць
3. Па людзях хадзіць
4. У смык вырабіцца
5. Языком абмывацца
6. З глузду з’ехаць
7. Па дроце хадзіць
8. З магілай ажаніцца

1. жабраваць
2. балбатаць
3. рызыкаваць
4. памерці
5. звар’яцець
6. схуднець
7. пляткарыць
8. сутыкнуць


#10:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:50

2. тое самае

1. Хоць у лоб страляй
2. З вузел ростам
3. Хоць ногі на плечы бяры
4. Хоць у вуха кладзі
5. Пад чаркай
6. Кісялёвыя ногі
7. Алею ў галаве мала
8. Язык як мянташка

1. маленькі
2. дурны
3. балбатлівы
4. аслаблы
5. упарты
6. п’яны
7. ласкавы
8. стомлены


#11:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:51

3. тое самае

1. Лынды б’е
2. Кішаньковыя сухоты
3. Язык як дзедава пуга
4. За рубель жабу ў Вільню пагоніць
5. Чэрап густа варыць
6. Цяляты язык аджавалі
7. Слова не пазычае
8. Жывот на сем столак

1. дасціпнік
2. ненажэра
3. скнара
4. разумнік
5. маўчун
6. абібок
7. балбатун
8. нястача


#12:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:52

4. тое самае

1. Плот у плот
2. Носа не ўбіць
3. Як муха па смале
4. Як пугаю па вадзе
5. Як сляпому люстра
6. З жабіны прыгаршчы
7. У свіныя галасы
8. За дзедам шведам

1. марна
2. без патрэбы
3. блізка
4. запозна
5. мала
6. марудна
7. даўно
8. шчыльна


#13:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:53

5. тое самае

1. Як агонь з вадою
2. Лёстачкі падпускаць
3. Як чорт грому
4. Даць гарту
5. Сабак сцерагчы
6. Як варона на дождж
7. Бачком ехаць
8. За жывот брацца

1. лайдачыць
2. сварыцца
3. хітраваць
4. падлізвацца
5. крычаць
6. усыпаць
7. баяцца
8. рагатаць


#14:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:53

6. тое самае

1. Блёкату аб’есціся
2. Даваць дзеркача
3. Каўша даць
4. З камара каня рабіць
5. Руку застраміць
6. Спудлаваць
7. Казлы драць
8. Бараду задзерці

1. уцякаць
2. ванітаваць
3. памерці
4. набіць
5. звар’яцець
6. перабольшваць
7. даць хабар
8. схібіць


#15:  Аўтар: Black aspidПаведамленнеДададзена: 19.06.18 13:54

7. тое самае

1. У сапуны пайсці
2. Зуб зуба паганяе
3. Уздоўж лаўкі выпрастацца
4. Пад нагамі таўчыся
5. Рогі падпілаваць
6. Галава гузака шукае
7. Табаку важыць
8. Аж шапка паднялася

1. памерці
2. перашкаджаць
3. утаймаваць
4. напрошвацца
5. дрыжыць
6. драмаць
7. храпці
8. спужацца




Нашыя дзеткі -> Дзіцячая літаратура


output generated using printer-friendly topic mod. Часавы пояс: GMT + 3

Пераход да іншай старонкі: 1, 2  наступная »  :| |:
Старонка 1 з 2.

Powered by phpBB © 2001, 2005 phpBB Group