Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (201635)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (200423)
Цудоўная вясёлка (189952)
Размалёўка: домік (182312)
Маляванкі для маленькіх: машынка (180382)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (177652)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (176407)
Як назваць дзіця? (173471)
Тата, а ты папа? (167027)
Натуральны білінгвізм у дзетак (165828)

ХВІЛІНКІ ЧЫСТАПІСАННЯ

А
Акула Акуліна
Хвастом мяшала гліну.
Зляпіла ў панядзелак
Гарлач і пяць талерак.
Стамілася акула:
За працаю заснула.
А вы, сябры, глядзіце:
Акулу не будзіце!


Б
Будаўнік бабёр Барыс
Белую бярозу грыз.
Спрабаваў абгрызці дуб –
Забалеў бабрыны зуб.
Будзе бабранят вучыць:
Трэба зубы берагчы!

В
Вараваты верабей
Па празванні Верамей
З рук у разявакі-Валі
Выхапіў кавалак вафлі.
Вафлю вор звалок дахаты,
Частаваць вераб’янятак.

Г
Гусь гагоча: -Ге-ге-ге!
Паглядзі на грака:
На гародзе па градзе
Бегае ды ў фраку!
Гэй, перапраніся, грак!
Гэтак зацягаеш фрак.

Д
Дзінь-дзень, добры дзень!-
Дробны дожджык ідзе.
Дождж ад даха да падмурка
Адмывае хату Юрку,
Даньку, Дзімку і Дануце.
Выйдзе сонца – чыста будзе!

E
Селі пад елкамі белыя цені.
Цені аднекуль прынеслі пяльмені.
Ледзь развіднела ў восеньскім лесе,
Цені пяльмені на елцы развесілі.
Вельмі пацешыўся белы мядзведзь:
Елка з пяльменямі – смешна глядзець!


Ё
Сёння Лёня наш вясёлы!
Сёрбаў па дарозе ў школу
Ён з бутэлечкі зялёнай
Ёгурт цёпленькі, салёны!
Ёгурт па рэцэпце нашым –
Зёлкі, соль ды сыракваша!

Ж
Раз пад ружай ад дажджу
Быў схаваўся жоўты жук.
Ружа – гожая паненка,
У ёй ружовая сукенка.
Жук ад паху аж дрыжыць:
- Можа, тут ужо і жыць?

З
Заяц быў у заапарку
І да зебры зазірнуў.
Баяў ёй за казкай казку,
Замарыўся дый заснуў.
Зебра з зайцам побач спяць,
Казку ў сне яны глядзяць.

І
Ірынка ірыскі купіла
І моўчкі ў кішэні насіла.
Нікому пра іх не казала,
Дзяліцца ні з кім не жадала.
І толькі Ілюша ды Верка
З Ірынкай дзялілі цукеркі.

Й
Гэй, зайграй, мой Мацей,
Дый пацеш гасцей.
Заспявай, як зайкі
Скралі балалайкі!
Хай госцейкі скачуць,
Болей хай не плачуць,

К
Закарцела раз карове
Паабедаць кветкай новай.
Укалолася балюча:
Кактус смачны, ды калючы!
Трэба кніжку пачытаць,
Як той кактус гатаваць.

Л
Зайшла ў кавярню ласка,
Сказала: - Калі ласка,
Падайце мне салату,
Салянку і аладку,
Бутэльку ліманада
І плітку шакалада.

М
У Мароза мокры нос.
Змок ад снегу дзед Мароз.
У мяшку смакоццяў шмат –
Карамель ды мармелад!
Развязаў… а мама кажа:
- Еш спачатку суп ды кашу!

Н
Ніколі, нідзе, нікаму, нізавошта
Не скажа Надзейка пра казачны востраў.
Ён недзе ў сінім ляжыць акіяне,
На ім кожны дзень паспяваюць бананы,
Ніхто там не будзіць у школу ўранні,
Ніякіх не робяць там хатніх заданняў.
Хто там апынуўся – з’язджаць не хацелі.
Наш казачны востраў завецца Нядзеля!

О
Месяц рожкі паказаў.
То не месяц, а каза,
Што пагнала Сонца ў поле,
Ў ноч, і спаць само пайшло,
А на досвітку надоіць
Залатое малако.

П
Павучок пляце карункі,
Ўсё падстрэшша пераплёў.
Прылятайце, пачастункі,
Час палуднаваць прыйшоў!
Працаваў павук з ахвотай.
Толькі пуста ў тых цянётах…

Р
Запрашае рыбу рак
Разам танчыць кракавяк:
- Не саромейся, сяброўка!
Кавалер я спрытны, лоўкі…
Рак стараецца дарма,
Проста ў рыбы ног няма!

С
Сядзіць пад саксаулам славуты следапыт.
Усё сядзіць, сумуе, ды на пясок глядзіць.
Сумуе, бо не можа слядочкі расчытаць.
Хто сёння выбіраўся пад саксаул гуляць?
Спецыяліст у скрусе, пачаў ужо злаваць:
- Сарока? Страус? Сойка? Не! Палярная сава!

Т
Тата-тыгр спяшаў дахаты.
Там, у хаце, тыграняты.
Тыграняты проста ў тату:
Паласатыя, стракатыя,
Кіпцюрыстыя, вусатыя,
Даўгахвостыя пястушкі –
Тры татусевы дачушкі.

У
У нашай Улляны ізноў не прыбрана.
У школку спяшалася зранку Улляна.
У ложку падручнікі грудай начуюць,
У куце падушка ды коўдра сумуюць.
Бабуля ўздыхне: - Прыбралася б ты трохі!
Улляна ўздыхне: - Няма часу, урокі!

Ў
Усяслаў узяў рыдлёўку
І граду капае зноўку.
- Што садзіць надумаў, Слаўка?
Запытаўся сябра Саўка.
Адказаў яму Усяслаў:
- Анічога. Скарб шукаў.

Ф
Франак ды Стэфан фарбы дасталі.
Фікус з фіялкамі пафарбавалі,
Футра, фіранкі, пантофлі ды куфар,
Кафлю, футболку, партфелі ды куфаль,
Фары ў “Ферары”, форму ды мыла…
Болей фантазіі ім не хапіла.

Х
Хамячок у краме быў,
Поўны мех халвы здабыў.
Мех у хаце прыхаваць –
Раптам нехта скрадзе.
Лепш за шчокі запіхаць,
Так хоць не прападзе.

Ц
Сонца апусцілася,
У раку скацілася,
Цэлы дзень свяціла ў донца.
Цешацца малькі на сонцы:
У цёплай бухце цашыня.
У ціхай бухце цеплыня.



Ч
Чапля чайку запрашала
На вячэру ўвечары.
Чапля чайку частавала
Яблычкамі печанымі.
- Ах, вячэра смачная! -
Чайка чаплі ўдзячная!

Ш
Шэсць шашкоў гулялі ў шашкі
З Пашкам, Сашкам ды Наташкай
І шыпелі на мышэй:
Шабуршыце вы цішэй!
А шасцёра мышанят
Шылі шорты для шчанят.

Ы
Мышка Пышка мые лыжкі,
А мартышка лушчыць шышкі.
Вожык высушыў грыбы,
Сыр прынёс каток рабы,
Тры вужы шыпяць з-пад дзвераў:
- Зачакаліся вячэры!

Э
Эскімосу эскімо сёння недарэчы:
Цэлы вечар эскімос грэецца на печы.
Есць варэнне эскімос,
Грэе пяты, грэе нос.
Бо назаўтра зранку трэба
На мароз ісці са стрэльбай!

Ю
Юрка – юнга з Юкатана –
любіць Юлю, Юну, Таню.
Юля Юркам пагарджае,
Юна і не заўважае.
Ты, Юрасю, не журыся,
А з Танюшай ажаніся!

Я
Янот з палявання вяртаўся вясёлы:
Пяць яблыкаў ён адшукаў каля школы,
Пяць яшчарак смачных злавіў на вячэру,
У Яся сцягнуў ажно дзесяць пячэнняў!
А заўтра прапусціць янот паляванне:
Нядзеля! Наладзіць сям’я баляванне!

Алена Церашкова


     

Цэтлікі (тэгі)

| дашкольнікі | | вучымся чытаць | | ранняе развіццё | | вершы | | алена церашкова |


Black aspid, 9.11.14 7:14

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

pleonazm



Зарэгістраваны: 26.03.2014
Артыкулы: 0
каментары: 1
Адкуль: Менск
 Дададзена: 12.11.14 7:35  Загаловак паведамлення: сюды б яшчэ малюнкi...
Сюды б яшчэ малюнкi...
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
Black aspid
Свой чалавек


Зарэгістраваны: 05.04.2009
Артыкулы: 106
каментары: 7
 Дададзена: 11.12.14 10:38  Загаловак паведамлення: А вось і малюнкі!
Ілюстрацыі да праекта:
http://dzietki.by/forum/album_cat.php?cat_id=752&user_id=507
Адзнакі: 0.00/5.00 [0]
 

Старонка 1 з 1.

Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map