Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (174520)
Беларускія імёны (172737)
Цудоўная вясёлка (160856)
Размалёўка: домік (154308)
Маляванкі для маленькіх: машынка (151835)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (150785)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (150735)
Як назваць дзіця? (147623)
Тата, а ты папа? (141628)
Натуральны білінгвізм у дзетак (140377)

Вяселле на Глушчыне

Найбольшай прыгажосцю, урачыстасцю, разнастайнасцю заўсёды вылучалася беларускае вясковае вяселле. Гісторыі культуры Глускага раёна пашчасціла: у 1977 г. фалькларыст Акадэміі навук В. Скідан зрабіў падрабязнае апісанне мясцовага абраду вяселля, спасылаючыся на ўспаміны жанчын в. Зелянковічы А.А. Патапенка (1914 г.н.), С.І.Патапенка (1894 г.н.), М.П.Патапенка (1935 г.н.), Г.М. Патапенка (1902 г.н.), К.П. Булка (1903 г.н.), М.М. Падаляк (1903 г.н.), У.Д. Патапенка (1900 г.н.), П.С.Закрэўскай (1910 г.н.). Выкарыстоўваючы матэрыялы В. Скідана і ўласныя запісы, зробленыя ўлетку 1992 г., паспрабую аднавіць асноўныя моманты і дэталі глускага вяселля.

Колішняе вяселле мела некалькі этапаў. Перадвясельны цыкл ахопліваў заручыны, часцей за ўсё вяселлі пачыналі гуляць пасля Пакроваў або пасля Вадохрышча. Доўгая, расцягнутая на некалькі тыдняў, вясельная ўрачыстасць распачыналася заручынамі. Адвячоркам, як толькі сцямнее, радня хлопца збіралася ехаць у сваты. Звычайна ехалі тры-чатыры чалавекі з самай блізкай радні: старшым сватам быў хросны бацька, сватамі маглі быць родны брат або родны дзядзька. Ехалі сваты не з пустымі рукамі: бралі з сабой каравай, у сярэдзіну якога ўлепвалі дра'інку солі. Прычым вясковыя жанчыны далікатна заўважалі: калі збіраліся жаніць хлопца, у якога бацькі былі жывыя, то каравай рабілі з белай, пшанічнай мукі, калі жанілі сірату, то пяклі чорны або шэры з пытляванай мукі. Каравай загортвалі ў белы гасцявы ручнік, нёс яго з сабой старшы сват.

Ва ўсіх мясцовасцях Беларусі дыялог сватоў і бацькоў заручаемай дзяўчыны мог нагадваць гаворку паляўнічых, рыбаловаў або купцоў, якія прыехалі за дарагім заморскім таварам. Ва ўсім гэтым іншасказанні бачыліся тры прычыны, якія адлюстроўвалі як саму гісторыю фарміравання вясельнага абраду, так і шматлікія забароны і перасцярогі, якіх дакладна прытрымліваліся ў народзе.

Па-першае, каб не сурочыць справу і не нашкодзіць самім сабе, сваты не мелі права адразу ж раскрываць свой намер.

Па-другое, дыялог у форме добра знаёмага акту куплі-продажу фіксуе адзін з найболып старажытных варыянтаў стварэння сям'і, калі нявесту сапраўды выкуплялі ў яе бацькоў. Аб гэтым яскрава сведчыць рытуал выкупу нявесты дружкамі маладога перад тым, як маладыя паедуць да вянца.

Па-трэцяе, да сённяшняга дня сярод беларусаў існуе павер'е, якое забараняе называць імя чалавека, каб зноў-такі не нашкодзіць яму. Усё гэта разам узятае вымагала ад удзельнікаў рытуала не толькі ў час заручын, але і ў некаторых іншых выпадках, пераводзіць гаворку ў план іншасказання: «У вас ёсць цялічка, а ў нас сянцэ. Дзе сянцэ, там і цялічка. Ну як, гаспадар, што скажаш на гэта?». Дзяўчына адразу ж здагадвалася, пра што ідзе гаворка. Калі яна была супраць, то магла збегчы з хаты. Праўда, тады на дапамогу прыходзілі сябры жаніха. Калі ж дзяўчына сваімі паводзінамі паказвала, што не супраць жаніха, то яна чакала вельмі адказнага моманту.

Старшы сват разгортваў ручнік і клаў на засланы белым абрусам стол свой каравай, побач ставіў шкляны «жураў» з гарэлкай, каб лягчэй ішла справа. Старшы сват наліваў чарку гарэлкі і пачынаў таргавацца. Вось у гэты момант у хату ўваходзіў жаніх і клаў на чарку грошы. Калі нявеста была не супраць прапанаванага замужжа, яна брала грошы і выпівала чарку, што ўспрымалася як канчатковая згода на вяселле. Торг адразу змяняў напружанасць на задаволенасць.
Услед за маладой з той самай чаркі выпівалі старшы сват, бацька і маці дзяўчыны, дружка хлапца. Задаволеныя госці гучна, з гонарам абвяшчалі: «Наша маладая, наша!» . Адразу ж пасля першай чаркі распачынаўся другі этап перадвясельнай дзеі — «заповіны». Бацька або старэйшы брат заручонай хуценька бег па гасцей: хроснага бацьку маладой, яе бабку-павітуху, стрыечных братоў і сясцёр, суседзяў. Пакуль госці збіраліся за сталом, кожнага, хто пераступіў парог хаты, дзявоцкі хор сустракаў песняй:

Завуць мяне на заповіны,
Там дзверы да закроены;
Завуць мяне на заручыны,
Там дзверы да закручаны.
А мы дзверы адкруцім,
Да Надзечку заручым.
Завуць мяне на заповіны,
Няма ў мяне да жуковіны;
Ой, вы, дзевачкі, знайце —
Мне жуковіну дайце.

Першы і самы адказны крок быў зроблены. Прынцыповая дамоўленасць атры-мана. Але ж на гэтым сваты не сунімаліся. Другую чарку, як правіла, пілі за дагавор паміж сватамі аб тым, хто і што дасць сваім дзецям. Старшы сват паціху насядаў. «А што ты дасі сваёй дачцэ?» — пытаўся ён у бацькі нявесты.

Абяцалі рознае: хто хату, хто каня або карову, хто грошы. Аднак лічылася, што гэты дагавор толькі папярэдні, канчаткова ён замацоўваўся рытуальным, перад усім родам, абяцаннем пры дзяльбе каравая напрыканцы вяселля. Трэцюю чарку бралі за ўдакладненне пераліку гасцей і за падарункі, сярод якіх у беларусаў абавязковым быў рытуальны ручнік. Нявеста павінна была падрыхтаваць да замужжа ад дваццаці пяці да сарака розных па арнаментальным аздабленні ручнікоў. Першы з іх будзе належаць асноўнаму завадатару — старшаму свату. Гэта частка заручын адбывалася наступным чынам.

Сталы для гасцей ставілі ў адзін рад ад чырвонага кута і да парога. Гасцей з боку маладога садзілі ўздоўж сцяны, а гаспадары хаты і іх радня рассаджваліся з супрацьлеглала боку. Але госці садзіліся так, каб старшы сват сеў насупраць няве-сты. Сват наліваў дзяўчыне кілішак. Тая ўставала, нахілялася над сталом і праз стол завязвала старшаму свату спецыяльна падрыхтаваны для яго ручнік. Павязваўся ён з левага пляча пад правую руку так, каб вузел крыху выдаваў наперад. Даўней такім жа ганаровым знакам перавязвалі і швагра – брата маладога. Нарачонаму ж нявеста клала на галаву хусціну. Калі разам з маладым прыходзілі яго бацькі, то паміж імі і бацькамі маладой таксама адбываўся абмен падарункамі, які ў народзе называлі «перапой». Заручыны распачыналі падрыхтоўку двух родаў да вяселля. 3 гэтага моманту ні адзін з родаў не меў права адмовіцца ад вяселля. У колішнія часы, як толькі дасягалася дамоўленасць аб заручэнні маладых, сват разам з жаніхом ішлі ў царкву і прасілі святара, каб той у наступную нядзелю прылюдна абвясціў, што такая-та маладая пара збіраецца ўзяць шлюб, а вянчанне адбудзецца праз два тыдні. Пасля гэтага абодва бакі старанна рыхтаваліся да маючага адбыцца вяселля.

Вясельны этап распачынаўся ў суботу з вельмі адказнага этапу — выпякання каравая. Адзін з асноўных прынцыпаў народнай культуры — «падобнае выклікае падобнае» — прасочваўся тут літаральна ў кожнай дэталі, на кожным кроку. Людзі верылі, што тыя, каму даручаць выпякаць каравай (іх лёс, шчаслівая доля, колькасць дзяцей, павага з боку аднавяскоўцаў), абавязкова паўплываюць на лёс будучай сям'і. Таму і ставіліся з усёй адказнасцю да кожнай драбнічкі. Старшай каравайніцай часцей за ўсё выбіралася хросная маці, але пры ўмове, што на гэты момант яна не была ўдавой. Каравайніц было чатыры — пяць. А каб маладыя жылі ў згодзе, сябравалі з суседзямі, кожная з каравайніц прыносіла з сабой самую лепшую муку, самае жоўтае масла і самыя буйныя яйкі. Цеста для каравая вымешвалі доўга і старанна. Тады ён атрымліваўся высокім, пышным, а значыць, такімі багатымі будуць маладыя. Цікава, што рукі каравайніцы мачалі (каб не прыліпала цеста) не ў ваду, а ў гарэлку, якую затым вылівалі пад ногі коням перад ад'ездам маладых да вянца. Колькасць караваяў абавязкова была цотная — шэсць: адзін большы (асноўны) у форме месяца, а астатнія пяць — круглыя, нібы сонца. Акрамя каравая пяклі яшчэ штук сорак або шэсцьдзесят невялічкіх караваяў для дзяцей, якія прыбягуць сустракаць маладых з храма.

Асаблівае стаўленне да кожнай дэталі каравайнага абраду заўважалася нават у такіх дзеяннях, як падрыхтоўка печы да выпечкі каравая. Увесь стары попел вымяталі толькі бярозавым венікам. Палілі ў печы часцей за ўсё бярозавымі, сасновымі або дубовымі дровамі, але ні ў якім разе яловымі ці асінавымі. Пакуль рыхтавалі печ і ўчынялі цеста, каравайніцы і прысутная моладзь раз-пораз падхоплівалі абрадавыя песні, прысвечаныя і тым, хто завіхаўся вакол рытуальнага печыва, і самому караваю:

Каравайніца п'яна,
Да ўсё цеста пакрала:
То ў мех, то ў кішэню —
Сваім дзеткам на вячэру.

Ой, чыя-то хата топіцца,
Шаўковыя да дымы ідуць?!
Там Надзечцы каравай пякуць —
Ручкамі да бяленькімі,
Персцянямі залаценькімі.
Караваю, мой раю, —
Каля цябе харашэ йграю.

Кожны крок каравайніц — падрыхтоўка дзяжы, замес цеста, пасадка каравая ў печ — суправаджаўся спецыяльным рытуальным дыялогам паміж каравайніцамі і бацькамі маладой. Жанчыны, распачынаючы кожны новы этап дзеяння, пыталіся дазволу ў гаспадароў:

Ці благаславіце каравай учыняць?
Бог благаславіць! — тройчы гучна адказвалі бацькі.

Спечаны каравай загортвалі ў белы ручнік, клалі на вечка дзяжы і адносілі ў камору, дзе ён захоўваўся да заканчэння вясельнай урачыстасці.

У гэты ж дзень багата клопату было і ў моладзі. У хаце нявесты яе сяброўкі завівалі вянок, а ў хаце маладога — елку. Вянок для маладой купляў яе суджаны. Дружкам трэба было толькі падагнаць, падшыць яго. Да вянка прышывалі фату і брыжы — складзены ў тры ярусы каснік. I зноў-такі кожнае чарговае дзеянне «закасяння» суправаджалася дазволам-благаславеннем маці нявесты. Трэба было вянок уставіць у брыжы — чакалі мацярынскай згоды; каб нітку працягнуць праз вушка іголкі або распачаць падгонку фаты — неабходна была бацькоўская згода, прычым сакральныя словы матулінага благаславення кожны раз паўтараліся тройчы. Адным з найбольш адказных момантаў вяселля было расплятанне касы маладой. Гэты рытуал сімвалізаваў пераход нявесты-дзяўчыны ў статус жанчыны — прадаўжальніцы свайго роду. Зразумела, што і гэта абрадавае дзеянне суправаджалася вялікай колькасцю песень:

Да стаяла, буяла
У агародзе канапелечка,
Да не даў ёй ветрычак
Яшчэ болей пастаяці,
Лісцікам да памахаці.
Адбіў ёй лісточак.
Да на жоўты пясочак.
Да гуляла, красавалася
Надзечка ў сваёй мамкі,
Да не даў ёй Колечка
Яшчэ болей пагуляці,
Коскаю да памахаці.
Расплёў ёй косачку,
Разліў ёй слёзачку.
Каса мая да русенькая,
Сляза мая гарачэнькая.
Як мы Надзечцы вянкі вілі,
Да ўсе лужэчкі сцягнулі —
Да шукалі каліначкі з веткамі:
Разлука Надзечцы з дзеўкамі.
— Дай, мамачка, іголку,
Дай нітачку шоўку
Прышпіліць вяночак
На шаўковы платочак.

Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць яшчэ на адну дэталь убранства маладой. Звычайна ў час расплятання касы пад вянок клалі намітку (мясцовыя назвы — кітайка, хустачка, сетка) або тонкай работы празрыстае палатно. На гэту акалічнасць вельмі рэдка звяртаюць увагу нават прафесійныя збіральнікі-этнографы. Навошта ж клалі намітку? Жанчыны в. Касарычы адказалі: «Каб не сурочылі». Маладую засцерагалі ад нядобрага вока: прыкрывалі доўгай часткай фаты яе касу, а твар — і найперш вочы (як асноўны канал узаемаадносін з людзьмі, гасцямі) — закрывалі наміткай або тонкай пелярынкай.

Тут прасочваецца значнае падабенства некаторых абрадавых дзеянняў у вясельным і памінальным рытуальна-абрадавым комплексах. Адразу ж пасля смерці чалавека хто-небудзь з родных дзяцей або блізкіх дарослых людзей заплюшчваў яму вочы, каб нябожчык не выглядзеў каго-небудзь з жывых і не забраў на той свет. Вясельны абрад таксама сімвалізаваў сітуацыю пераходу, «смерць» у адным статусе і перанараджэнне ў іншым. Таму, каб не нашкодзіць нявесце, яе твар і вочы прыкрывалі тонкай празрыстай пелярынай. Маладая часова станавілася «сляпой», і ў песнях яе параўноўвалі з выдрай (мелася на ўвазе, што вочы яе як бы выдраныя):

Да сядзела выдра з выдраю,
Сядзела над вадою:
- Да ці добра ж табе, мая выдраца,
Седзячы над вадою?
- Да патуль добра, патуль харашэ,
Пакуль дожджык не пойдзе:
Дожджык пойдзе — берагі пойме
Да мяне, выдрыцу, змочыць.
Гаварыла сястра з сястрою,
Седзячы за скам'ёю:
- Да ці добра табе, сястрыца,
Седзячы за скам'ёю?
- Датуль добра, датуль харашэ,
Пакуль Колечка не едзе:
Колечка едзе ў чырвоным кіце.
А мне завязаны вочы.
Завязалі вочы з цёмнае ночы
Белаю кітайкаю,
А ён грозіцца, прыгражаецца
Чорнаю нагайкаю.

Амаль у кожнай мясцовасці асаблівай пашанай на вяселлі карысталася нявеста-сірата. У яе адзенні і некаторых момантах абрадавых паводзін быў шэраг спецыфічных асаблівасцей. Напрыклад, да сённяшняга часу ва ўпрыгожанні вянка маладой-сіраты не прысутнічае чырвоны колер, а толькі белы. Тое ж самае тычылася і дружак маладых. У гэты ж дзень нявеста-сірата наведвала мясцовыя могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў. Аб гэтым і словы песні:

Да стаялі садочкі ў тры радочкі:
У первым садзе зязюля кукуе,
У другом садзе салавей шчабеча,
У трэцім садзе Надзечка ходзіць,
Надзечка ходзіць, свайго бацьку просіць:
Хадзі,хадзі,бацюхна,на маё вяселле,
На маё вяселле да на сіроцкае.

- Весяліся,дзіцятка,весяліся,Надзечка,
А я тут ляжу за трыма замкамі:
Первы замочак — зялёны дзярночак,
Другі замочак — жоўты пясочак,
А трэці замочак — сасновая дошчачка —
Не можна ўстаці да майго дзіцяці,
К майму дзіцяці парадачак даці.

Пакуль у маладой ішло расплятанне касы, дружына маладога займалася падрыхтоўкай да абраду, які называецца «завіванне елкі». Хлопцы высякалі невялічкую елачку, якую ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі і замацоўвалі іх так надзейна, каб па дарозе нічога не згубілася.

У старыя часы вясельны картэж складаўся з чатырох — пяці, а то і васьмі вазоў, убраных рознакаляровымі папяровымі стужкамі і галінкамі елак. Асабліва пекна ўбіралі вазок, на якім ехаў малады. Дугу шчыльна апляталі елкаю, да яе мацавалі галасісты званок і «шамкі» — маленькія металічныя бразготкі. Усё гукавое начынне надавала вясельнаму поезду незвычайную ўрачыстасць, далёка несла вестку аб важнай падзеі ў жыцці новай сям'і. Аднак шумавое аздабленне мела болып глыбокі сэнс — адагнаць усялякую нячыстую сілу, каб яна «не пераходзіла дарогу». Вельмі дрэннай прыкметай лічылася, калі вясельнаму картэжу перабягаў дарогу заяц. Таму нават існавалі песні, якія выконваліся, калі малады ехаў па маладую, і асноўным персанажам быў касавокі:

Сядзіць зайчык пад ёлачкаю —
Вочкі трэ,
Тудою едзе малады Колечка — яго б'е.
— За што, пра што, малады Колечка,
Мяне б'еш?
Ці я твае вараныя коні папудзіў.
Ці я тваю Надзечку папудзіў?
Папудзілі вараных коней галубцы,
Папудзілі маладую Надзечку малайцы (або: хлопцы).

Затое лічылася добрым знакам, калі вясельнаму поезду некалькі разоў пера-гародзяць дарогу аднавяскоўцы. Нарэшце гучныя званочкі данеслі вестку — едзе «бяседа» маладога. Дружына маладой хуценька зачыняла вароты. Сваты павінны выкупіць іх. 3 воза злазіў хросны бацька, а хросная маці падавала яму каравай у выглядзе паўмесячыка з прывязанымі да яго двума абаранкамі. Калі выкуп задавальняў дружыну маладой, то вароты расчыняліся. Госці падыходзілі да засланага абрусам стала. Па абодва яго бакі станавіліся старшыя. Сваты маладой і маладога, кожны трымаў на ручніку каравай — «паўмесячык». Дружына маладога імкліва падхоплівала:

А ў нашага свата
Да цясовая хата,
Печ яго пабяляная,
Чэсць яго да каханая.
Пакажыце сваё золата,
Да што ўчора яно купленае,
Да мы яго патаргуем,
Да к свайму прыраўнуем:
Ваша бяла да бялёсенька
Да к нашаму раўнёсенька.

Сваты здароўкаліся, а затым з жартамі ўздымалі караваі як мага вышэй. Прысутныя сачылі за разгортваннем дзеі і меркавалі: чый каравай апынецца вышэй, той з маладых і будзе верх у жыцці трымаць. Затым сваты выконвалі вельмі цікавы і адказны рытуал, абрадавая сімволіка якога ўзмацняла сэнс таго, што адбывалася ў двары. Сваты прыкладвалі адзін каравай да другога («паўмесяц» да «паўмесяца» і ўтваралася адзінае цэлае — «сонца»), перавязвалі іх хусцінай, на якую яшчэ дадаткова нанізвалі чатыры абаранкі. У некаторых выпадках сваты злівалі і прыхопленую з сабой гарэлку: сцвярджалі, што яна набывала пры гэтым чароўную моц і ёй можна было лячыць нават бяздзетнасць.

Дружына маладога рвецца хутчэй завалодаць маладой, якая знаходзіцца ў адной з суседніх хат. Там заканчвалі яе прыбіраць, заставалася толькі прымацаваць «карону». Таму, каб неяк затрымаць сватоў, жанчыны выводзілі з хаты падстаўную бабулю ў масцы, а затым ужо якую-небудзь дзяўчыну-модніцу або «цыганку». Нарэшце, справа даходзіла і да самой нявесты. За яе таргаваліся доўга, цану запрошвалі высокую. Але і гэта справа вырашана. Сват працягвае нявесце хустачку, тая бярэцца за адзін канец, сват — за другі, і так яны выходзяць з хаты, у якой яна хавалася ад «войска» маладога, і ідуць дадому. Для маладых там ужо накрыты стол. Старшы сват садзіцца ў кут, побач з ім нявеста і яе сяброўкі. Насупраць, праз стол, у такім жа парадку садзіцца дружына маладога. Госці, каму можна было, выпівалі па чарцы гарэлкі, а пасля гэтага, ужо непасрэдна перад ад'ездам у царкву, маладую садзілі на пасад — на ўслон, які быў засланы вывернутым кажухом. Тым часам родны брат маладой расплятаў ёй касу ў песенным суправаджэнні сябровак:

Расплёў брат косачку,
Разліў ёй слёзачку.
Каса мая да русенькая,
Сляза мая гарачэнькая.

Пасля пасаду маладыя браліся за рукі і падыходзілі да бацькоў. Маці і бацька бралі па бохану хлеба, загортвалі іх у канцы ручніка, уздымаючы сярэдзіну высока ўгору. Утваралася нешта накшталт аркі — небасхілу, брамы вечнасці, праз якую і праходзілі маладыя, адпраўляючыся да храма. Пасля храмавага заручэння вясельны поезд вяртаецца да хаты маладой. Тут адбываецца апошняя вячэра нявесты ў хаце роднай матулі. Заканчвалася яна дзяльбой каравая і адорваннем маладых. Дарылі хто што мог — карову, цялушку, парася, грошы. У гэты час кожны імкнуўся выказаць маладым прыгожае паэтычнае пажаданне, у якім было ўсё: клопат пра дабрабыт, здароўе дзяцей, багатую гаспадарку. Вось толькі некаторыя прыклады:

Дарую маладым 10 рублёў
I восемь капеек медзі,
Каб былі ў вас дзеці
Здаровыя, як мядзведзі.
Дарую грошы, —
Я на іх добра пагаравала, —
Хачу, каб маладая
Маладога пацалавала.
Я два дні сеяла пшаніцу, —
Хочаце — жніце, хочаце — не жніце,
А мяне за няньку вазьміце.
Дарую маладому
Чыгун паронак,
Каб не любіў чужых жонак.
А маладой — чыгун буракоў,
Каб не любіла чужых мужыкоў.
Дарую маладому лапці і аборы,
Каб не любіў чужой Фядоры.

Дзяльба каравая скончана. Госці збіраюцца ехать да маладога. Жаночы хор спявае тым часам развітальную песню:

Каменная печачка
Вечар гарыць,
Вечар гарыць да не выгарыць,
Каменнейка да не распаліць.
Маладая Надзечка
Вечар сядзіць,
Вечар сядзіць да не заплача,
Матачкі да не разжаліць.
Разжалю матачку,
Седзячы на покуце.

У доме маладога шаноўных і доўгачаканых гасцей сустракалі з радасцю і задавальненнем. Каб маладыя не ступалі на голую зямлю, свякроў засцілала ў варотах прыгожую посцілку. Першым на яе станавіўся сын, затым нявеста. Прычым даўней нявестка станавілася на вечка дзяжы, але толькі пры той умове, калі яна захавала цнатлівасць. Бацькі сустракалі маладых перад парогам хаты. Маці трымала на ручніку хлеб-соль, а бацька — два кілішкі і бутэльку гарэлкі. Бацька тройчы наліваў маладым, а яны толькі прыгублівалі і вылівалі гарэлку праз левае плячо. Затым маладыя цалавалі каравай і атрымлівалі дазвол прайсці ў хату. Малады браў маладую на рукі і пераносіў яе праз парог так, каб яна нічым не датыкнулася да гэтай сакральнай зоны чалавечага жытла. У напрамку па гадзіннікавай стрэлцы маладыя ішлі ў чырвоны кут хаты, пад абразы.

Вяселле ў маладога магло доўжыцца два, а то і тры дні — усё залежала ад сямейнага дастатку. Заканчвалася вяселле зноў-такі дзяльбой каравая маладога і здыманнем фаты з маладой. Але, калі свякроў была ўдавой, то гэты рытуал выконвала ятроўка (дзеверава жонка). Гулялі амаль усю ноч, а зранку збіраліся разам паснедаць і ад душы патанчыць вальс, польку, карапет, падыспан, кракавяк, «На рэчаньку». У нядзелю пасля абеду дзялілі каравай, і госці, каму трэба было ісці на працу ў панядзелак, паціху разыходзіліся. А вось старыя спраўлялі ў гэты дзень «разгрэбіны». Сутнасць звычаю была ў наступным. Калі госці прыходзілі на вяселле, то неслі з сабой па адным або тры літры гарэлкі і пяць-шэсць місак гатовай закускі. У панядзелак усё гэта даядалася і дапівалася, і госці разбіралі-«разграбалі» свой посуд, сваё начынне. Роўна праз тыдзень маладыя разам з бацькамі маладога і сватамі ехалі ў водведкі. Бацькоў маладога як самых пачэсных гасцей садзілі на покуці. У адрас маладой гучала песня:

Вецер вее, павявае,
Маці ў дачкі пра жыццё пытае.
— Пытай, маці, у шэрай вуці:
Шэрая вуці на моры начуе,
На моры начуе — усё горачка чуе.

Яшчэ праз тыдзень ужо бацькі маладой ехалі на пярэзвы да бацькоў маладога. На гэтым шматдзённая вясельная ўрачыстасць заканчвалася. Пачыналася будзённае жыццё са сваімі турботамі і чаканнем папаўнення ў сям'і.

Паводле парталу "Край Магілёўскі"


     

Цэтлікі (тэгі)

| беларускія народныя святы | | вяселле |


Kryscina, 29.12.11 15:11

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map