![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Гняздо і ЧарацінкаВясною на беразе невялікага азярца Пастушок Вадзяны пабудаваў на купіне высокае круглае Гняздо.Вылезла з вады тонкая Чарацінка і, убачыўшы Гняздо, здзіўлена ўсклікнула: — А гэта што? — Гняздо, — сціпла адказала Гняздо. — Я азярцо ўпрыгожваю, а ты тут зусім не патрэбнае! — надзьмулася Чарацінка. — Сядзіш на купіне, нібы яшчэ адна купіна! Гняздо, канешне, пакрыўдзілася, але не стала спрачацца. — Мяне пабудаваў кулік — Пастушок Вадзяны. Я яму вельмі патрэбнае. "Хлусіш, напэўна. Пачакаю, пагляджу, што будзе", — падумала Чарацінка. Неўзабаве на азярцо прыляцела аліўкава-бурая птушка з шырокімі цёмнымі стрыжнёвымі плямамі на спіне. Яна плаўна апусцілася і села ў Гняздо. — Гэта Пастушок Вадзяны, — з ласкай прагаварыла Гняздо, затуліўшы аліўкава-бурага куліка ад халоднага ветру, які раптам наляцеў на азярцо. "Яно не хлусіла, праўду мне казала", — любуючыся зграбнай птушкай, падумала Чарацінка і прапанавала Гнязду: — Давай сябраваць. — Давай, — адразу ж пагадзілася Гняздо. Мінуў час. Чарацінка падрасла, стала высокая, гнуткая, стройная, а ў Гняздзе з'явілася восем рыжаватых з чырванавата-карычневымі плямамі яечак. Калі Пастушок Вадзяны не надоўга пакідаў Гняздо, Чарацінка глядзела на яечкі і з трывогай шаптала: — Яны такія далікатныя! Калісьці выпадуць і разаб'юцца! — Не хвалюйся. Я іх надзейна трымаю, берагу, — супакойвала сяброўку Гняздо. Неўзабаве з рыжаватых яечак вывелася восем маленькіх птушанят — Пастушкоў Вадзяных. — Вунь колькі пухнаценькіх у Гняздзе і ўсім месца хапае! — шчыра здзівілася Чарацінка. — Яны са мною будуць жыць, пакуль не падрастуць, — паведаміла Гняздо, тулячы да сябе птушанят. — Потым яны цябе пакінуць і больш сюды не прыляцяць? — занепакоілася Чарацінка. — Калі пахаладае, у цёплыя краі паляцяць. — К'як-к'як, к'як-к'як! — пачулася неспадзявана. Чарацінка ўбачыла, што да балота імкліва набліжаецца вастракрылы драпежнік — Сокал-сапсан. Ён павярнуўся на імгненне, паказаўшы светлы ніз з папярочным малюнкам на баках. Адчуўшы небяспеку, птушаняты заціхлі, прыгнуліся ў Гняздзе. — Сокал-сапсан хоча ўкрасці птушанят! — прашаптала Гняздо. — Не дазволім! —прамовіла Чарацінка і нагнулася над Гняздом. А за ёю яе сястрычкі-чарацінкі нагнуліся, затуліўшы яго, як страхой. — К'як-к'як! — сярдзіта пракрычаў Сокал-сапсан і паляцеў далей. — Ух! — цяжка ўздыхнула Гняздо. — З мяне як сто пудоў звалілася. Пастушкі Вадзяныя заварушыліся, запішчалі: — Уіць-уіць-уіць... Чарацінка заўсміхалася, гледзячы на іх. — Значыць, яны ў цёплыя краі паляцяць, калі пахаладае? — Паляцяць, а мы тут зазімуем. Нялёгка нам прыйдзецца ў сцюжу, калі моцныя вятры падзьмуць. Пашкодзяць, паабдзіраюць мяне, але я, на злосць ім, дачакаюся вясны. Вясною засвеціць цёплае сонейка і вернуцца Пастушкі Вадзяныя. Адзін з іх прыплыве да мяне, каб праверыць, ці цэлае я, — сказала Гняздо. — А я дам яму сваіх лісточкаў, каб парамантаваў цябе. Ён возьме мае лісточкі? — запыталася Чарацінка. — Канешне, возьме. І ты зноў парадуешся, убачыўшы побач маленькіх птушанят — Пастушкоў Вадзяных, — прагаварыла Гняздо. Паводле "Газеты Слонімскай"
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |