Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179766)
Беларускія імёны (178629)
Цудоўная вясёлка (167719)
Размалёўка: домік (160830)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158678)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156379)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155826)
Як назваць дзіця? (152785)
Тата, а ты папа? (146640)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145447)

Аляксей ЯКІМОВІЧ: Як Бярозка Дажджу чакала


Сонца пякло бязлітасна. Каторы дзень не было дажджу.

— Я хутка загіну. Маім карэньчыкам няма чаго піць, зямля перасохла, стала цвёрдая, як камень, — паскардзілася маленькая Бярозка, што расла на ўзлеску. Яе лісточкі пажаўцелі, а тонкія галінкі апусціліся ўніз.

З лесу выйшаў Заяц.
— Цяжка табе, суседка? — уздыхнуў ён і выцер пот з ілба.

— Зусім прападаю! — усхліпнула Бярозка.

— А мне, думаеш, такою гарачынёю лёгка хадзіць у цёплым кажушку? Трымайся. Мы яшчэ паслухаем з табою, як спявае зімовую песню Вецер, — падбадзёрыў Бярозку Заяц і падаўся ў густы асіннік, каб там схавацца ад пякучага сонца ў высокай траве.

— Не, не вытрываю, загіну, — стаіць, бядуе Бярозка.

— Плачаш, сяброўка? — пачуў скаргу Бярозкі Вожык.

— Ужо слёз няма, усе выплакала.

— Не адчайвайся. Цяпер усім цяжка. Мне здаецца, што мае вострыя іголкі распаліліся і пякуць мяне, але я цярплю. Хмарку чакаю. Хмарка абавязкова да нас прыплыве. Магчыма, ты першая яе ўбачыш. Папрасі, каб Дажджу прыслала, — прамовіў Вожык і накіраваўся да Зайца ў асіннік.

— Сёння не будзе Хмаркі! — у роспачы ўсклікнула Бярозка і... убачыла цёмную Хмарку, якая павольна выплыла з-за лесу. На Хмарцы вісела вялікая Кропля. Яна ззяла на Сонцы, пералівалася, як крыштальная.

Бярозка ўстрапянулася, зашалясцела лісточкамі.
— Добрая Кропля, калі ласка, спусціся на зямлю і наталі маю смагу!

— Спушчуся тады, калі Гром прагрыміць, Хмарку скалане, — адказала Кропля.

— Дзядзька Гром, моцна гукні, Хмарку скалані, каб Кропля сарвалася і на мяне ўпала. Без вады гіну я! — закрычала Бярозка.

Пашкадаваў Гром маленькае дрэўца. Набраўшы ў грудзі паветра, так гукнуў, прагрукатаў, што не толькі Хмарка, але і наваколле страсянулася. Сарвалася Кропля і паляцела ўніз.

"Зараз гэтая важкая Кропля напоіць мае карэньчыкі, выратуе мяне, але Заяц і Вожык загінуць ад спёкі", — падумала Бярозка і зноў закрычала:
— Кропля, ці не магла б ты рассыпацца на маленькія Кропелькі і Дож­джыкам пырснуць на асіннік, на Зайца і на Вожыка?

— Дожджыкам пырсну тады, калі Ветрык на мяне дзьмухне, — адказала Кропля.

— Лагодны Ветрык, прачніся, угору падніміся і дзьмухні на Кроплю. Няхай яна рассыплецца на маленькія Кропелькі і Дожджыкам пырсне і на мяне, і на Асінкі, і на Зайца, і на Вожыка! — папрасіла Бярозка.

Прачнуўся ў кустах Ветрык, устрапянуўся, падняўся над зямлёю і на Кроплю дзьмухнуў.

— Сустракайце, зямляне! — радасна ўсклікнула Кропля і рассыпалася на мноства маленькіх Кропелек. Цёплым Дожджыкам упалі яны на зямлю, забарабанілі па лісточках Бярозкі, па Асінках.

Вылезлі з травы Заяц і Вожык, дзівяцца, не вераць, што так нечакана Дождж да іх прыйшоў.

— Ух-ух-ух! Ух-ух-ух! — высока ў небе смяецца Гром.

Паводле "Газеты Слонімскай"



     

Глядзіце таксама

Аляксей ЯКІМОВІЧ: Як Шпачок пажартаваў
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Хто дужэйшы
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Гняздо і Чарацінка
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Хто ж вінаваты?
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Разумны Пеўнік
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Лаўка
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Сакрэт
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Кісліца
Аляксей ЯКІМОВІЧ: Камень

Цэтлікі (тэгі)

| казкі |


Kryscina, 25.10.11 19:51

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map