Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (201563)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (200362)
Цудоўная вясёлка (189894)
Размалёўка: домік (182292)
Маляванкі для маленькіх: машынка (180367)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (177627)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (176385)
Як назваць дзіця? (173449)
Тата, а ты папа? (167008)
Натуральны білінгвізм у дзетак (165770)

Песні дзяцей сялян Століншчыны

(другая палавіна ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя)


Песні – адметная і неад’емная рыса быта сялян Століншчыны. Яны суправаджалі жыццё, іх было вельмі шмат. Дзіцячыя песні былі розных відаў: калыханкі, забаўлянкі ці пацешкі, заклічкі або прыгаворы, дражнілкі і лічылкі.

Значная частка песень дзяцей сялян была звязана з жывёльным светам. Іх вобразамі часта з’яўляліся: кот, бусел, гусі, камар, куры, верабей, ліса, сарока, муха, мядзведзь, сабака і іншыя. Побач з жывёламі ў дзіцячых песнях прысутнічаюць і вобразы людзей: дзеда, бабы, дзяцей.

Песні апавядаюць пра ўчынкі і прыгоды герояў, часта - з лёгкім, незласлівым гумарам.

КАЛЫХАНКІ
– гэта песні, якія спявалі маці над калыскай, як укладвалі дзіцятка спаць, каб яно хутчэй заснула. Яны гучалі з вуснаў маці пад гушканне калыскі тады, калі дзіця яшчэ не разумела слоў, былі вельмі простымі па свайму складу, напоўнены матчынай любоўю, незвычайнай пяшчотай, ласкай і прыгажосцю. Праз гэтыя песні малютка атрымлівала першае ўяўленне аб жыцці, якое яе акружала. Вось прыклады калыханак, якія спяваліся на Століншчыне сялянскімі дзецьмі:

Ой, люлі-люлі, дай, катулі,
Ды засні ж, дзіця, дай, катулі.
Ды прынясі дзіцятку соночак
Салодзенькі, як мядочак.
Каб ты, маё дзіцятка, спала,
Каб ты, маё дзіцятка, й прыбывала,
Каб ты расло і не хварэла.
Ой, люлі-люлі, дай, катулі...
Да засні ж дзіцятка, спатулі,
А я буду цябе калыхаці...


*
Люлі-люлі-люляшу,
Я сыночка калышу,
Нітачкі звіваю,
Песенькі спяваю.
А сыночак спаць не хоча
Ды ў люлечцы варкоча.
Спі сыночак міленькі,
Галубочак шызенькі,
Ай, люлі-люлі-люляшу.


*
Люлі-люлі-люлі,
Усе дзеткі паснулі,
А адзін Іванка
Не спіць, а гуляе,
З катком размаўляе.
А ты, котка, пайшоў вон-вон,
На Іванку пойдзе сон-сон.
Люлі-люлі...


*
Люлі-люлі-люлі,
Палез кот на дулі,
Наеўся, напіўся
І назад спусціўся,
Люлі-люлі.


*
Люлі-люлі-люлі,
Хадзіў котка
Па платку
У чырвоным чабатку...
Ой, ты котка,
Ярчы, ярчы,
А ты, Мікітка,
Маўчы, маўчы,
Люлі-люлі.


ЗАБАЎЛЯНКІ
ці ПАЦЕШКІ спявалі тады, калі немаўляты пачыналі разумець навакольны свет, пазнаваць маці і сваіх блізкіх. Яны суправаджалі многія дзеянні дзіцяці, якія яно рабіла самастойна ці з дапамогай маці, бабулі, іншых дарослых: згібанне і разгібанне ручак, ножак, пальчыкаў, гушканне, качанне на ножцы і гэтак далей. Гэтыя песні гучалі і без пэўных рухаў, калі малечу трэба было забавіць, развесяліць, усцешыць, рассмяшыць.

Як і калыханкі, забаўлянкі спявалі дарослыя (маці, бабуля, нянька). Шырока бытавалі даўней на Століншчыне наступныя забаўлянкі:

А ў нашай лісіцы
Чацьвёра дзетак.
Адзін сын – Адахна,
Другі сын – Бурбахна,
Адна дачка – Кацярынка,
А другая – Барбарынка.


*
Таўчэ, таўчэ мак
За ступаю дзяк.
Чаго дзяча плачаш?
- Маці пабіла,
Дала крышку хлеба,
А мышка схапіла.
- А дзе тая мышка?
- Пабегла за ступу.
- А дзе тая ступа?
- Чэрві растачылі...


*
Сарока-белабока
Па сметніку хадзіла,
Дзецям кашу варыла.
Гэтаму дала,
Гэтаму дала,
А гэтаму не дала:
А ты дроў не насіў,
У печы не паліў
І кашы не варыў.


*
Пайшоў коцік у лясок,
Знайшоў коцік паясок.
Аддай, коцік, дзіцяці –
Дзіця будзе маўчаці.
Пайшоў коцік у капустачку,
Знайшоў хлеба лустачку,
Аддай, каток, дзіцяці,
Дзіця будзе гуляці...


*
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая.
Хуценька паеду,
Каб паспець к абеду,
Дзед дасць піражочак
І сальца кусочак...


ЗАКЛІЧКІ ці ПРЫГАВОРЫ – гэта кароценькія песенкі, якія складалі і спявалі самі дзеці. Яны скіраваныя да Бога, да з’яў прыроды (дажджа, сонца, ветра і іншых), да жывёл (бусла, божай кароўкі, зязюлі і гэтак далей). У заклічках змешчаны розныя пажаданні і просьбы.

Прыгаворы суправаджалі многія дзіцячыя дзеянні. Бытавалі, напрыклад, на Століншчыне наступныя заклічкі:

Гары, гары ясна,
Кабы не пагасла.


*
Козлік, козлік,
Выстаў рожкі,
Дам тры грошы
На пірожкі.


*
Бусел, бусел,
Што заўтра будзе –
Дождж ці пагода?
Вылі воду на калоду,
Павярніся на пагоду.


Да дзіцячай калектыўнай творчасці належаць таксама і дражнілкі. Гэта кароценькія вершаваныя творы, у якіх дзеці кпяць адзін з аднаго пры пэўных абставінах, калі ім хочацца пасмяяцца і павесяліцца. Гэта магло быць выклікана пэўнымі рысамі характара таго ці іншага хлопчыка або дзяўчынкі, неахайнасцю і гэтак далей. Дзяўчынкі складалі дражнілкі на хлопчыкаў, а хлопчыкі на дзяўчынак. Вось прыклады дражнілак, якія гучалі з вуснаў дзяцей на Століншчыне:

Ната, паймі ката,
Аблупі, да сабе шубу купі.


*
Мішка, Мішка,
Пузаты, як шышка.


*
Колёс, колёс –
Вот табе дуля пад нос.


*
Анька-банька, каўбаса,
На вяровачцы каса.


*
Іван-балван
Тры авечкі пасе,
А Маруся-паскакуся
Яму есці нясе.


*
А Іван-Барабан,
Сеў на кабан,
Паехаў у госці
І паламаў свае косці.


ЛІЧЫЛКІ - кароткія вершаваныя творы, якія спявалі дзеці ў час гульні. Напрыклад, на Століншчыне гучалі наступныя лічылкі:

Адзін, два, тры, чатыры,
Кошку грамаце вучылі.
Не пісаць, не чытаць,
А за мышкамі скакаць.


*
На залатым крыльцы сядзелі
Бог, цар, царыца,
З кім ты будзеш вадзіцца?


*
Кацілася торба з вялікага горба,
Што ў той торбе?
Хлеб, соль, вада, пшаніца,
Хто з кім будзе дзяліцца?


*
Алды, балды, шык –
Выхадзі адзін мужык.


*
Аты-баты, шлі салдаты,
Аты-баты, на базар,
Аты-баты, што купілі,
Аты-баты, самавар.
Аты-баты, што далі?
Аты-баты, тры рублі.
Аты-баты, хто выходзіць?
Аты-баты, выйду я.


*
Абель, Фабель, думанэ,
Ікі, фікі, драманэ,
Ін, фін, выйдзі адзін.


Дзіцячыя песні Століншчыны – гэта адметная і неад’емная частка нашай культуры. Яны мелі вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей, станаўленні іх характара. У іх увасоблена тонкая народная педагогіка.



Ганна ДУЛЕБА,
гісторык і этнограф, кандыдат гістарычных навук, г. Мінск
Паводле http://polese.by


     

Цэтлікі (тэгі)

| дашкольнікі | | малодшыя школьнікі | | 0-3 | | дзіцячыя песні | | гульні | | песні |


Kryscina, 30.08.11 0:45

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map