![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Песні дзяцей сялян Століншчыны(другая палавіна ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя)Песні – адметная і неад’емная рыса быта сялян Століншчыны. Яны суправаджалі жыццё, іх было вельмі шмат. Дзіцячыя песні былі розных відаў: калыханкі, забаўлянкі ці пацешкі, заклічкі або прыгаворы, дражнілкі і лічылкі. Значная частка песень дзяцей сялян была звязана з жывёльным светам. Іх вобразамі часта з’яўляліся: кот, бусел, гусі, камар, куры, верабей, ліса, сарока, муха, мядзведзь, сабака і іншыя. Побач з жывёламі ў дзіцячых песнях прысутнічаюць і вобразы людзей: дзеда, бабы, дзяцей. Песні апавядаюць пра ўчынкі і прыгоды герояў, часта - з лёгкім, незласлівым гумарам. КАЛЫХАНКІ – гэта песні, якія спявалі маці над калыскай, як укладвалі дзіцятка спаць, каб яно хутчэй заснула. Яны гучалі з вуснаў маці пад гушканне калыскі тады, калі дзіця яшчэ не разумела слоў, былі вельмі простымі па свайму складу, напоўнены матчынай любоўю, незвычайнай пяшчотай, ласкай і прыгажосцю. Праз гэтыя песні малютка атрымлівала першае ўяўленне аб жыцці, якое яе акружала. Вось прыклады калыханак, якія спяваліся на Століншчыне сялянскімі дзецьмі: Ой, люлі-люлі, дай, катулі, Ды засні ж, дзіця, дай, катулі. Ды прынясі дзіцятку соночак Салодзенькі, як мядочак. Каб ты, маё дзіцятка, спала, Каб ты, маё дзіцятка, й прыбывала, Каб ты расло і не хварэла. Ой, люлі-люлі, дай, катулі... Да засні ж дзіцятка, спатулі, А я буду цябе калыхаці... * Люлі-люлі-люляшу, Я сыночка калышу, Нітачкі звіваю, Песенькі спяваю. А сыночак спаць не хоча Ды ў люлечцы варкоча. Спі сыночак міленькі, Галубочак шызенькі, Ай, люлі-люлі-люляшу. * Люлі-люлі-люлі, Усе дзеткі паснулі, А адзін Іванка Не спіць, а гуляе, З катком размаўляе. А ты, котка, пайшоў вон-вон, На Іванку пойдзе сон-сон. Люлі-люлі... * Люлі-люлі-люлі, Палез кот на дулі, Наеўся, напіўся І назад спусціўся, Люлі-люлі. * Люлі-люлі-люлі, Хадзіў котка Па платку У чырвоным чабатку... Ой, ты котка, Ярчы, ярчы, А ты, Мікітка, Маўчы, маўчы, Люлі-люлі. ЗАБАЎЛЯНКІ ці ПАЦЕШКІ спявалі тады, калі немаўляты пачыналі разумець навакольны свет, пазнаваць маці і сваіх блізкіх. Яны суправаджалі многія дзеянні дзіцяці, якія яно рабіла самастойна ці з дапамогай маці, бабулі, іншых дарослых: згібанне і разгібанне ручак, ножак, пальчыкаў, гушканне, качанне на ножцы і гэтак далей. Гэтыя песні гучалі і без пэўных рухаў, калі малечу трэба было забавіць, развесяліць, усцешыць, рассмяшыць. Як і калыханкі, забаўлянкі спявалі дарослыя (маці, бабуля, нянька). Шырока бытавалі даўней на Століншчыне наступныя забаўлянкі: А ў нашай лісіцы Чацьвёра дзетак. Адзін сын – Адахна, Другі сын – Бурбахна, Адна дачка – Кацярынка, А другая – Барбарынка. * Таўчэ, таўчэ мак За ступаю дзяк. Чаго дзяча плачаш? - Маці пабіла, Дала крышку хлеба, А мышка схапіла. - А дзе тая мышка? - Пабегла за ступу. - А дзе тая ступа? - Чэрві растачылі... * Сарока-белабока Па сметніку хадзіла, Дзецям кашу варыла. Гэтаму дала, Гэтаму дала, А гэтаму не дала: А ты дроў не насіў, У печы не паліў І кашы не варыў. * Пайшоў коцік у лясок, Знайшоў коцік паясок. Аддай, коцік, дзіцяці – Дзіця будзе маўчаці. Пайшоў коцік у капустачку, Знайшоў хлеба лустачку, Аддай, каток, дзіцяці, Дзіця будзе гуляці... * Кую, кую ножку, Паеду ў дарожку. Дарожка крывая, Кабылка сляпая. Хуценька паеду, Каб паспець к абеду, Дзед дасць піражочак І сальца кусочак... ЗАКЛІЧКІ ці ПРЫГАВОРЫ – гэта кароценькія песенкі, якія складалі і спявалі самі дзеці. Яны скіраваныя да Бога, да з’яў прыроды (дажджа, сонца, ветра і іншых), да жывёл (бусла, божай кароўкі, зязюлі і гэтак далей). У заклічках змешчаны розныя пажаданні і просьбы. Прыгаворы суправаджалі многія дзіцячыя дзеянні. Бытавалі, напрыклад, на Століншчыне наступныя заклічкі: Гары, гары ясна, Кабы не пагасла. * Козлік, козлік, Выстаў рожкі, Дам тры грошы На пірожкі. * Бусел, бусел, Што заўтра будзе – Дождж ці пагода? Вылі воду на калоду, Павярніся на пагоду. Да дзіцячай калектыўнай творчасці належаць таксама і дражнілкі. Гэта кароценькія вершаваныя творы, у якіх дзеці кпяць адзін з аднаго пры пэўных абставінах, калі ім хочацца пасмяяцца і павесяліцца. Гэта магло быць выклікана пэўнымі рысамі характара таго ці іншага хлопчыка або дзяўчынкі, неахайнасцю і гэтак далей. Дзяўчынкі складалі дражнілкі на хлопчыкаў, а хлопчыкі на дзяўчынак. Вось прыклады дражнілак, якія гучалі з вуснаў дзяцей на Століншчыне: Ната, паймі ката, Аблупі, да сабе шубу купі. * Мішка, Мішка, Пузаты, як шышка. * Колёс, колёс – Вот табе дуля пад нос. * Анька-банька, каўбаса, На вяровачцы каса. * Іван-балван Тры авечкі пасе, А Маруся-паскакуся Яму есці нясе. * А Іван-Барабан, Сеў на кабан, Паехаў у госці І паламаў свае косці. ЛІЧЫЛКІ - кароткія вершаваныя творы, якія спявалі дзеці ў час гульні. Напрыклад, на Століншчыне гучалі наступныя лічылкі: Адзін, два, тры, чатыры, Кошку грамаце вучылі. Не пісаць, не чытаць, А за мышкамі скакаць. * На залатым крыльцы сядзелі Бог, цар, царыца, З кім ты будзеш вадзіцца? * Кацілася торба з вялікага горба, Што ў той торбе? Хлеб, соль, вада, пшаніца, Хто з кім будзе дзяліцца? * Алды, балды, шык – Выхадзі адзін мужык. * Аты-баты, шлі салдаты, Аты-баты, на базар, Аты-баты, што купілі, Аты-баты, самавар. Аты-баты, што далі? Аты-баты, тры рублі. Аты-баты, хто выходзіць? Аты-баты, выйду я. * Абель, Фабель, думанэ, Ікі, фікі, драманэ, Ін, фін, выйдзі адзін. Дзіцячыя песні Століншчыны – гэта адметная і неад’емная частка нашай культуры. Яны мелі вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей, станаўленні іх характара. У іх увасоблена тонкая народная педагогіка. Ганна ДУЛЕБА, гісторык і этнограф, кандыдат гістарычных навук, г. Мінск Паводле http://polese.by
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |