Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (202145)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (200928)
Цудоўная вясёлка (190454)
Размалёўка: домік (182812)
Маляванкі для маленькіх: машынка (180871)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (178159)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (176907)
Як назваць дзіця? (173974)
Тата, а ты папа? (167531)
Натуральны білінгвізм у дзетак (166326)
    Научитесь правильно воспитывать ребенка на дому за 13 месяцев

Народныя забаўлянкі: як, калі і навошта


У двухгадовай Аксюткі цэлы стос яскравых рознамоўных кніжак з дзіцячымі вершамі. Але найбольш яна любіць чытанкі ў кампаніі з прабабуляй, бо тая кепска бачыць дробны тэкст і таму да малюнкаў распавядае ўласныя рыфмаванкі і забаўлянкі… Ілюшкава мама скардзілася: накупіла малому развіццёвых цацак, а яго не адарваць ад бабуліных “гапаначак” ды “ладушак”…

Чаму іх гэтак любяць дзеці? Магчыма, за простыя і запамінальныя словы, якія няцяжка вывучыць і пазнаваць нават двухгодкам. А можа, рэч у тым, што народныя забаўлянкі пранізаныя добрай энергетыкай усіх стагоддзяў, праз якія яны да нас дайшлі. Але ёсць у “ладушак” і навукова абгрунтаваная карысць: усе гушкалкі і казыталкі з’яўляюцца не проста рыфмаванкамі, а развіваюць тактыльную адчувальнасць, хуткасць рэакцыі дзіцяці, ягонае пачуццё рытму. Шмат якія з іх суправаджаюцца пастукваннем, пагладжваннем, лёгкай казыткай, інакш кажучы, спалучаюцца з рознымі варыянтамі масажыку. На жаль, хоць тэксты забаўлянак знайсці няцяжка, іншыя складнікі гэтых міні-гульняў у сем’ях, не блаславёных наяўнасцю бабуляў, не ўсе памятаюць. Для аднаго клапатлівага маладога таты, сустрэтага намі ў паліклінічнай чарзе, адкрыццём з’явілася звычайная гульня ў “казу”:
Ішла каза рагатая,
Ішла каза бадатая,
Бадатая-барадатая,
Каго пападу — таго забаду-забаду!...

Указальнымі пальцамі ці ўказальным і сярэднім (“рогі казы”), згарнуўшы астатнія пальцы ў кулак, “ідзеце”, а пасля казычаце (“забаду-забаду”) свайго маленькага.
Няма прасцейшага спосабу развесяліць маленькага чалавечка!
Праўда, лёгкая казытка, якую гэтак любяць маленькія, – не самы прыдатны від масажу для дзетак, схільных да пераўзбуджэння. Акрамя таго, сярод дзіцячых неўрапатолагаў існуе меркаванне, што ў гульнях нават са спакойнымі дзецьмі, якія проста не любяць казыткі, яе сапраўды нельга ўжываць. Пагладжваючы жывоцік (па стрэлцы гадзінніка), намагайцеся якраз не рабіць казытна: і без таго не ўсім дзецям гэтая працэдура падабаецца, хоць педыятры яе рэкамендуюць, бо, як і выкладванне на жывот, гэта ўзмацняе цягліцы брушнога прэса. А казаць можна штосьці кшталту:
Коцік-коцік-коцік,
цёпленькі жывоцік,
(пагладжваем далонькай або кончыкамі пальцаў),
кіці-кіці-кіці,
востранькія кіпці
(пагладжваем, ”чапляючыся” пазногцямі).
Калі трэба супакоіць няўрымслівае маляня, можна прытуліць і пагладзіць яго са словамі:
Я Алінку пасаджу,
Добрым вокам пагляджу,
У анёла папрашу,
Каб вялікая расла.
Каб шчаслівая была.
Або яшчэ прасцей:
У аблічча прыгажок,
У галованьку разумок,
У раток гаварок,
А ўсё злое – за парог: тфу!

Гэтыя вершыкі маюць яшчэ і функцыю суцяшалак – можаце іх прыгадаць, калі дзіцятка пабіла каленку.
Усім вядомая “Сарока-варона” таксама не проста рыфмаванка. Падчас гульні ў яе стымулююцца рэцэптары на далоньках і кончыках пальцаў, што спрыяе развіццю мовы дзіцяці:
Сарока-варона кашу варыла (водзім указальным пальчыкам адной рукі маленькага па далоньцы другой рукі кругавымі рухамі),
дзетак карміла,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала,
гэтаму – дала
(перабіраем усе пальчыкі, пагладжваючы падушачкі),
а гэтаму (мезенчык)– не дала.
Ты самы малы,
вады не насіў,
дроў не калоў,
круп не малоў.
Бяжы да крыніцы,
прынясі вадзіцы,
усім нам напіцца –
тады дам табе кашы.
Тут пень, тут калода,
(“топчамся” падушачкамі нашых пальцаў на запясці),
тут мох, тут балота,(“узбягаем”да локцевага сугібу),
а тутака крыніца (“топчамся” каля падпашка, падымаемся да ключыцы)
сцюдзёна вадзіца
пацякла-пацякла-пацякла!
(паказваем, як пацякла, збягаючы пальчыкамі зверху ўніз па грудзях на жывоцік дзіцяці; або – ізноў-такі ў выпадку з неспакойнымі дзецьмі – пагладжваем ).
У іншым варыянце “сарокі-вароны” найбольшым гультаём мянуецца вялікі палец (“ты самы вялікі, самы лянівы”), што пасля ўшчуванняў (падчас якіх яго пагладжваюць ці расціраюць) таксама “выпраўляецца”.
Усе маленькія любяць “ладкі”. Адныя з іх засяроджаны на вечнай тэме гасцявання у бабулі:
Ладу-ладу-ладкі,
а дзе былі?
У бабкі.
А што елі?
Кашку.
А што пілі?
Бражку!

Іншыя перагукаюцца па змесце з калыханкамі, як вось гэтая:
Ладкі-ладушкі,
Прыляцелі птушкі,
Сталі сакатаці.
А чаго ж вам даці?
Вядома ж, пляскаем у ладкі.
Ці ячменю жменю,
Ці гароху троху?
Селі-пасядзелі,
Пырх— паляцелі
(памахаем ручкамі дзіцяці)
І на галованьку селі (складаем ручкі маленькага “домікам” на галоўцы).
Выбірайце тое, што падабаецца вашай лялечцы. А можна нават скамбінаваць некалькі забаўлянак у адну – на тое вы і частка народа, каб прычыніцца да народнай творчасці. Часамі дзеці самі прыдумляюць працягі да знаёмых забаўлянак. Аднак часцей здараецца наадварот, асабліва гэта датычыць зусім маленькіх: упадабаўшы нейкі вершык ці суцяшалку, маленькі пачынае ўспрымаць яе як неабходную прыналежнасць сітуацыі, пэўнага роду рытуал. А гэткія рытуалы спрыяюць умацаванню псіхічнай раўнавагі дзіцяці. Таму сыночак пачынае падказваць вам словы (забаўлянкі, дарэчы, яшчэ і памяць развіваюць), нават калі вы пераставілі ўсяго тры радкі.
Масаж ступачкоў – адна з найвялікшых прыемнасцяў. Акрамя таго, на падэшвах маленькіх ножак знаходзяцца зоны, адказныя за ўсе ўнутраныя органы, так што, стымулюючы гэтыя рэцэптары, мы паляпшаем агульнае здароўе дзіцяці. Лёгенька пастукваць падушачкамі пальцаў па маленькай ножцы можна, напрыклад, пад гэткую забаўлянку:
Кую-кую ножку,
Паеду ў дарожку,
Куплю чаравічкі,
Малы, невялічкі,
Кую, кую другую,
Паеду ў даўгую.
Дарожка –даўгая
(расцягнуўшы рукі, можна паказаць, якая даўгая дарожка),
А ножка – малая (моцна абхапіце ступачок дзіцяці абедзвюма далонямі). Будзьце ўважлівыя – у некаторых малятак скура на ножках нагэтулькі адчувальная, што нават акуратны дотык яе раздражняе або ўспрымаецца як непрыемная казытка. Тады лепш масаваць ножку праз шкарпэтку.
Як мы ўжо пасадзілі дзіцятка на калені, давайце, прыгожа кажучы, зоймемся трэніроўкай вестыбулярнага апарата, то бок пагушкаем. Гэты адсек куфэрка з забаўлянкамі хіба самы разнастайны – колькі з яго ні выцягваюць для апрацоўкі дзіцячыя паэты, а застаецца яшчэ больш. Гушкаючы дзіця на адным ці абодвух каленках, можна прымаўляць:
Тра-та-та,
Тра-та-та,
Выйшла кошка за ката,
За катом ёй добра жыць,
Бо не трэба тапкі шыць.
Мякенькія лапкі
(пагладзьце маленькія ножкі)
і не трэба тапкі!
А наступныя гушкалкі падыдуць для выканання тым з бацькоў, хто мацнейшы фізічна:
Чук-чук-чук,
Налавіў дзед шчук,
А бабуля плотак
Ды пазвала цётак:
Цётка справа
(пасадзіце маленькага на правае калена),
Цётка злева (перасуньце на левае),
А Стась пасярэдзінцы (рассуньце каленкі і, трымаючы дзіця на руках, апусціце амаль да падлогі. А можна проста моцна прытуліць).
Дзецям вельмі падабаецца і гэткая гушкалка, у якой першыя дзве часткі можна паўтарыць некалькі разоў, каб пераход да трэцяй быў нечаканы:
Гойда-гойда-гайдамаш,
ехаў дзядзька на кірмаш
(павольна падымаеце і апускаеце каленкі: цяжкі воз),
На кірмашы, на кірмашы (нахіляеце калені злёгку то ўправа, то ўлева: стаіць мужык, прадае тавар),
З кірмашу, з кірмашу, з кірмашу! (ізноўку гушкаеце ўверх-уніз, але вельмі энергічна і хутка: воз пусты бразгаціць па дарозе, усё прадалі)!
Забаўляйце дзетак часцей!

Падрыхтавала Мілана Міхалевіч
“Дамініка” №1


     

Глядзіце таксама

Народныя забаўлянкі

Цэтлікі (тэгі)

| 0-3 | | ранняе развіццё | | фізкультхвілінка | | дзіцячая псіхалогія | | гульні |


Kryscina, 3.06.11 23:51
Рэд. Alina, 12.06.11 23:46

Адзнакі: 5.00/5.00 [1]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map