Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (202302)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (201082)
Цудоўная вясёлка (190609)
Размалёўка: домік (182966)
Маляванкі для маленькіх: машынка (181023)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (178312)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (177060)
Як назваць дзіця? (174130)
Тата, а ты папа? (167683)
Натуральны білінгвізм у дзетак (166481)

Юры Карэйва: Вершы для дзетак

З “Чароўнае скарбоначкі”


Скарагаворка


Скора-скоранька Рыгорка
згаварыў скарагаворку,
гэтак скора згаварыў,
што й забыў, што гаварыў!

Хованка-лічылка


Раз і два
і тры-чатэры:
хто ў кватэры –
прэч за дзверы!

Раз, два, тры,
чатэры-пяць:
уцякай!,-
іду шукаць!

Пяць і шэсць,
і сем, і восем:
хто на шафе –
злесці просім!

Шэсць, сем, восем,
дзевяць-дзесяць:
хто не злез –
сядзець на месце!

Ходзікі


На ходзікаў ціхенькіх
тонкае вечка,
на стрэлкі іх
часам глядзім мы
ці так?.. –
здаецца, ім цікаць
і цікаць так вечна,
а нам ім вось так
і падтакваць у такт!..

Павучок


Павуцінку на цвічок
пачапляе Павучок,
кажа:
- Паглядзеце, дзеці,
павучэцеся, як плесці! –
Хутка з гэтых павуцінкаў
новую спляту хацінку.
Дзеці дзівяцца :
- Каму
хаткаў столькі?!..
- А для мух. -
Павучок ім у адказ, -
Спецыяльна пад заказ!
Вось і зараз
адна муха,
Муха – хуткая лятуха,
просіць хатку збудаваць,
бо няма дзе, беднай, спаць!
Падышла тады дзяўчынка,
павуцінную хацінку
разарвала
І сказала:
- Вы не верце яму, дзеці:
муху зловіць –
будзе есці!
І схаваўся за цвічок,
горка плача Павучок;
выглядае з-за цвічка…
шкада муху й павучка…

Майце добрую душу


Мне заўжды шкада каткоў,
мне шкада сабачак бедных:
іх, бяздомных, я гатоў
частаваць сваім абедам.
Есці папрасіў: гаў-гаў!,
пёсік некуслівы шэры, -
абы ты не галадаў –
вось вазьмі з маёй вячэры.
Пад маім акном каток
з ранку жаласліва мяўкаў –
ты, маленькі мой браток,
на сняданку
з’еш смятанку.
Вось які я,
я – такі!
У мяне ў самога дома
два вясёлыя каткі,
і сабачка ёсць, вядома!
Вас, дарослыя,
прашу:
вы жывёлак не кідайце,
майце добрую душу.
За дабро вам
Бог адплаціць!

Коця і Каця


А ў нашага Кіцкі,
коціка-вуркоціка
востранькія кіпцікі!
Ён віхляе хвосцікам,
ён махае лапкамі,
мяўкае так ціхенька:
- Пагуляйма ў ладкі мы.
- Хітранькі ты, Кіцанька!, -
кажа коцю Каця, -
табе б толькі драпацца,
драпацца й кусацца!
Схавай кіпці-драпці!
Дастае цукерку:
- Вось табе - паперку!
Што так углядаешся,
З паперкай не гуляешся?..

Алька з лялькай


- Чаго плачаш, Алька,
не гуляеш з ляльлкай?
- Бо падкраўся коцік
і зняў з яе боцік,
ды схаваўся недзе,
ледзь паспела згледзець...
Ні коціка - ні боціка!
Злаві, тата, коціка!
- Я злаўлю таго ката,
будзе коцю а-та-та!
- Біць не трэба, тата,
будзе плакаць надта!..

Жамярэчы канцэрт


Дзе зіхоткім сваім лускавіннем
срэбна рыбкі
блішчаць у рацэ –
вунь за вёскаю, на лугавіне,
Жамярэча стаўляе канцэрт!
Зноў зыркатыя бзыкаторы,
Каляровая машкара.
О! Яны ўсе – акторы й танцоры!,
пацяглі ў карагод Камара.
Камарок ім – давай выдзіліньгваць
сваім цененькім галаском.
Камарку тому стаў падцілінькваць,
хто як мог: хто піском,
хто – баском!
Весяліліся – аж стаміліся,
танцавалі-гулі.
Аж калі
шыйкі й ножкі ў іх
ледзь не зламіліся!..
Спаць да раніцы
ў траўку ляглі.

Калыханачка


Спаць пара: вунь за ваконкам
залатое гасне слонка,
ветрык месіка калыша,
пяе песеньку ўсё цішай…
Ужо й ветрык не спявае –
Прытаміўся, засынае.
Сядзіць ціхенька ў куточку
коцік Цішка: усю ночку
коцік з намі спаці будзе,
калі мышкі не разбудзяць.
Хай каточак засынае,
а я дочку залюляю 1).
А вы, мышкі, цішай, цішай,
не жартуйце мышкі з Цішкай.
Калі збудзіце мне дочку 2)–
коця ўсіх паесць за ночку.
спаць лягайце, засынайце
мышкі дайце дзеткам спаці.

1) або: Хай каточак спаць лягае –
я сыночка залюляю.

2) ці: Калі збудзіце сыночка
коця ўсіх паесць вас ночкай.

Малітва дзіцяці


У Імя Айца-Бога
і Божага Сына,
і Духа Святога,
у Тройцы Адзінай
і ў вас, майго роду
анёлаў апекі
прашу я:
заўсёды
цяпер і навекі
ад спраў духа злога
жыццё няхай будзе
маё ўратавана. -
Адзінаму Богу
і ўсім добрым людзям
адданы я.
*) Амэн!

*) ці:... і ўсім добрым людзям
я верная.

Упершыню надрукавана ў літаратурна-мастацкім часопісе “Ад лідскіх муроў”, №1/4, 2000г. http://pawet.narod.ru/book/mur/kareuva.html


     

Глядзіце таксама

Ганна Рэлікоўская: Вершы для дзетак

Цэтлікі (тэгі)

| дашкольнікі | | вершы для дзяцей | | калыханкі |


julcik, 4.02.09 22:51

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map