Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (29390)
Адукацыйныя гульні (27518)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (26703)
Флэш размалёўкі (25974)
Як назваць дзіця? (24707)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (20153)
Маляванкі для самых маленькіх (19881)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (19443)
Натуральны білінгвізм у дзетак (19347)
Тата, а ты папа? (19231)

Бацькі і дзеці

(на сцэне маці збіраецца на працу. Папраўляе фрызуру, макіяж, поркаецца ў сумачцы і адначасова імкнецца разбудзіць сыноў у школу)

Маці (строгім тонам):
Алесь, пад’ём!
Юрась, прачніся!
А ну, уставайце, абібокі!
Хоць раз бы самі падняліся!
Ці з ложкаў вас цягнуць за ногі?
Юрась, тваё настала свята!
Ты ж – першакласнік, ці забыўся?
Алеська, прасачы за братам,
Каб ён паснедаў ды памыўся,
Узяў партфель, абутак-“зменку”...
І сам каб добра прычасаўся!
Глядзіце не пакіньце кветкі!
Ну, мне ўжо трэба быць на працы...
(маці сыходзіць, з-за сцэны чуваць галасы хлапцоў)

Алесь (сонна): Малы, ўставай!

Юрка (гэтак сама сонна): А не, ты першы!

Алесь (пазяхаючы): Бягом, кажу!

Юрка: Спачатку сам!
Бо ты – разумны, ты – старэйшы,
Зцябе браць прыклад, сам сказаў.

Алесь (тонам, які не абяцае нічога добрага):
Ну, ўсё, хавайся ў бульбу, Юрка!

Юрка (звонка): Алесь, не трэба! Зараз, хутка!

xхх


(На сцэне з’яўляюцца абодва браты з партфелямі. Сядаюць за стол. Малодшы ўсім сваім выглядам хоча паказаць, які ён дарослы)

Алесь (крыху паблажліва, але з цікаўнасцю):
Ну, як вучэбны дзень, Юрасю?
Вялікім быць, напэўна, класна?

Юрка (стараецца гаварыць павольна, але паступова паскараецца):
Вялікім! Здзекуешся, браце!
А ты даўно быў першакласнік?

Алесь (задумваецца. Потым са смехам):
Цябе яшчэ й буслы, напэўна,
Не ведалі, куды прынесці.
(строгім тонам):
Распавядай, як брату, чэсна:
“Баранак” не схапіў, гарэзнік?

Юрка (з уздыхам):
Жыццё вучнёўскае цяжкое.
Нялёгкі хлеб у першым класе.
Цягні партфель штодня з сабою,
Яшчэ і дома сам займайся...
Вось ты, Алесь: партфель не носіш
І “зменку”, пэўна, не цягаеш,
Ад фізкультуры часам “косіш”...
(Алесь пагрозліва паказвае кулак)
Не, гэта толькі паміж намі!
Я думаў: даганю Алеся
І буду з братам цалкам роўны.
І вось у школцы я, нарэшце,
І дзе, скажыце, тая роўнасць?
Няма! Малодшым пакаленням
Ўсё болей выпадае зноў
Цяжару, чым задавальненняў,
І абавязкаў, чым правоў!

Алесь (паківаўшы галавою):
А у мяне, дзіцё дурное,
Ты думаеш, правоў багата?
Ды што ты ведаеш, малое!
Правы ёсць у такіх, як тата!
І волі, і прасторы больш ім,
І права вырашаць належыць,
Бо тата зарабляе грошы.
А нам з табой за незалежнасць
Фінансавую пазмагацца,
І не аднойчы, давядзецца!
Хучэй бы мне пайсці на працу,
І каб заробак – у капэрце!

Юрка (з захапленнем):
Вялікі! Каб і мне падкінуў!

Алесь (падхопліваючы тон):
Ты столькі грошай і не бачыў!
Я ў рэстаран зваджу Марыну,
Што нам гісторыю тлумачыць,
Альбо Алену, батанічку,
Што ў вас вядзе прыродазнаўства.
Я ж – толькі не трапіся лішку! –
Ёй у каханні прызнаваўся.
Але калі грашэй багата,
Ўзаемнасці ўзрасці прасцей!

(у пакой уваходзіць бацька – бізнесоўца)
Тата (пагражаючы пальцам):
А потым прыйдзеш, скажаш: тата,
Падкінь даляраў на вяселле!
Ты думаеш, жыццё прастое
У бацькі? Грошы зарабляе,
Сям’я вялікая, і тое
Што толькі хоча, атрымае?
(абапіраецца на стол дзьвума рукамі, нахіляецца да сына)
Ды не! Вучнёўскае каханне
Ня ёсць апошняя праблема.
Калі я ажаніўся з мамай,
Я спадзяваўся – і дарэмна! –
Што моцны, кемлівы, амбітны
І буду у сям’і галоўны.
І зараз я – дырэктар фірмы.
(выпростваецца, пачынае хадзіць па пакоі)
Але яна – дырэктар школы!
Дарослым – бос, настаўнік дзецям.
Мне ёй камандаваць? Ды дзе там!
І я скажу вам па сакрэце:
Зайздрошчу вашаму я дзеду!
Яму насуперак не кіне
І мама слова, як звычайна.
Бо дзед – адзіны у краіне
Усім дырэктарам начальнік!

Юрка (у поўным захапленні):
Начальнік маме? Гэта нешта!
А я не уяўляў і блізка!

Алесь: Які ты, ўсё ж, Юрасю, смешны!
Дзед – адукацыі міністр!
(раптам б’е сабе рукою па лбе)
Вось варта мне куды імкнуцца!
Вось хто дастане зорку з неба!
Ў ягоным крэсле апынуцца –
І фірму мець тады не трэба!

Юрка (паціраючы рукі):
Вось гэта брат! Такая ўдача!
Міністрам будзе... Хутка толькі!
І ўсе настаўнікі пабачаць,
Як нам з Алесем ставіць двойкі!
Дзядуля!
(кідаецца на шыю увайшоўшаму дзеду)

Тата: Прывітанне! Чуеш,
Што твой унук за планы мае?
Як канкурэнцыя?

Дзед (разводзіць рукамі):
Жартуеш!

Юрка (пераканана):
Алесь дарослым хутка стане!

Дзед: Не так-та лёгка быць дарослым!
І стаць старым – благое выйсце.
(ў кішэні звоніць мабільны. Дзед адказвае)
Так-так? Калі-калі? А шостай?..
Ну вось: склікае ўсіх міністраў.
А я бы, Юрка, кінуў справы
І, скінуўшы паўсотні з плеч,
З табою у футбол згуляў бы
Ці з вудаю пабег на рэчку.
(успамінае)
Малы быў – думаў: эх, хутчэй бы
З сваім дзяцінствам развітацца...
Дарэчы, зноў, як ты, з партфелем
Хаджу. Такая, бачыш, праца!
Маленства – час такі вясёлы!
Вучоба хутка стане звыклай...

Юрка (пераканана):
Не, дзед, каб ты хадзіў у школу,
Ты б цэлы год чакаў канікул!

xхх (мараль)


Даўно, ці не, жывеш на свеце,
Ды не аднойчы запытаеш:
Каму прасцей, бацькам ці дзецям?
І як цаніць той час, што маеш?

Алена Церашкова





julcik, 25.07.10 22:08

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map