Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (29390)
Адукацыйныя гульні (27518)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (26703)
Флэш размалёўкі (25974)
Як назваць дзіця? (24707)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (20153)
Маляванкі для самых маленькіх (19881)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (19443)
Натуральны білінгвізм у дзетак (19347)
Тата, а ты папа? (19231)

Як Данік і Данута падарункі рыхтавалі

Марына: — Данік! Данута! Хадзіце сюды, размова ёсць!
Данік (незадаволена): — Чаго табе, Марынка? Мы ў хованкі гуляемся, а ты замінаеш!
Данута: — Кажы хутчэй, што трэба! У нас часу няма!
Марына: — Вы памятаеце, што хутка Новы год?
Данік і Данута (хорам): — Памятаем!
Данута (пакрыўджана): — Гэта мама не памятае! Я ёй кожны дзень нагадваю: трэба замовіць Дзеду Марозу новую ляльку, каб сама хадзіла ды размаўляла! А мама ўсё забываецца!
Данік (паблажліва): — Вось дурное дзяўчо! Верыць у Дзеда Мароза! Падарункі нам купляюць бацькі! Я вось тату так і сказаў: падары мне ровар, як у Петруся! І падзорную трубу!
Марына (задуменна): — Кажаш, дзеда Мароза няма?
Данік (пераканана): — Няма!
Марына: — Дзіўна, а хто ж мне тады гэтую паштоўку даслаў? (паказвае навагоднюю паштоўку)
Данута (падскокваючы): — Марыначка, пачытай!
Марына (урачыста): — Дарагія дзеці! Данута і Данік! Я захварэў, і магу не паспець павіншаваць усіх асабіста. Я прашу вашай дапамогі! Павіншуйце, калі ласка, тату, маму і бабулю з Новым годам! Дзякуй за дапамогу, ваш Дзед Мароз!
Данік (са шкадаваннем): — Эх, не будзе ў мяне ровара…
Данута (спалохана): — Вой, Марынка, а калі Дзед Мароз зусім не паправіцца?..
Марына (упэўнена): — Абавязкова паправіцца! Яму толькі трэба як след адпачыць! Але хто ж тады ўсіх павіншуе…
Данік і Данута (разам): — Мы павіншуем! Мы справімся!
Марына: — Вось і добра! Падумайце пакуль, потым мне распавядзеце!(сыходзіць)
Данута: — Я ведаю, што я маме падару! Яна мне год таму ляльку падарыла. А лялька гэтая мне зусім не падабаецца! Вось і падару назад!
Данік: — А я тату падару свае старыя канькі! Мне яны усё роўна малыя!
Данута: — А што бабулі падарыць?
Данік: — Можа, кніжку пра калабка?
Данута: — Я гэтую кніжку сама люблю! Лепей твой футбольны мяч!
Данік: — А чым я гуляцца буду? (з’яўляецца Марына)
Марына: — Ну што, прыдумалі?
Данік: — Тату і маме прыдумалі, а бабулі — не.
Данута: — Таму што і кніжка, і мяч футбольны нам самім трэба!
Марына (здзіўлена): — Бабулі? Футбольны мяч? А, зразумела! Дык вы лічыце, што падарунак — гэта тое, што самім больш не трэба, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: — Данік, што табе бабуля падарыла на дзень народзінаў?
Данік: — Шахматы! Такія прыгожыя — у двары ні ў каго такіх няма!
Марына: — А табе, Данута?
Данута: — Новы посуд для лялек!
Марына: — Вы былі рады падарункам, так?
Данік і Данута (разам): — Так!
Марына: -А ці ўзрадуецца бабуля, калі ей падарыць стары мяч?
Данік і Данута (разам): — Не…
Данута (капрызна): — А адкуль нам ведаць, што бабулі хочацца на Новы год?
Данік (сур’езна): — А я ведаю! Бабуля пруткі для вязання згубіла. А ў мяне кавалак дроту есць, я зраблю ёй новыя пруткі! І вушкі на іх загну, каб петлі не збягалі!
Марына: — Малайчына, Данік! А што вы вырашылі дарыць тату і маме?
Данік (няўпэўнена): — Ну… мы… хацелі… Марына, а можна, мы яшчэ падумаем?
Данута: — Мы ўсё зразумелі! Падарункі павінны прыносіць радасць і карысць! Нельга дарыць тое, што самому не трэба! І дарыць назад тое, што табе падарылі, непрыгожа, мне мама казала…
(Разбягаюцца. Потым выходзіць Марына)
Марына: — Данік, Данута! Вам паштоўка ад Дзеда Мароза! (з’яўляюцца Данік і Данута)
Данік (нецярпліва): — Чытай хутчэй!
Марына: “Дзякуй вам, мае памочнікі! Тата, мама і бабуля вельмі ўзрадаваліся вашым падарункам. Пад елкай вас чакаюць лялька і падзорная труба! А ровар падару ўвесну, бо зараз ляжыць снег! Ваш Дзед Мароз.
Данік і Данута (разам): — Ура!
Данута: — Марынка! А мы ведаем яшчэ аднаго памочніка Дзеда Мароза! Гэта ты!
Марына: — Кожны чалавек пад Новы год можа стаць памочнікам Дзеда Мароза. І тады ўсім будзе весела!
А вы, сябры, дапамагаеце Дзеду Марозу?

Алена Церашкова





julcik, 25.07.10 15:30

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map