Самыя папулярныя старонкі

Беларускія імёны (29390)
Адукацыйныя гульні (27518)
Флэш-мульт Курачка-Рабка (26703)
Флэш размалёўкі (25974)
Як назваць дзіця? (24707)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (20153)
Маляванкі для самых маленькіх (19881)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (19443)
Натуральны білінгвізм у дзетак (19347)
Тата, а ты папа? (19231)

Казка пра лыжку

          У адной варэльні жыла-была лыжка. Вялікая, бліскучая, з доўгай ручкай. І быў у лыжкі сябра — маленькі хлопчык Мсціслаўка. Вельмі любіў Мсціслаўка лыжку. Як толькі лыжка апыналася на краю стала, Мсціслаўка адразу цягнуў руку, хапаў сваю сяброўку і пачынаў ёю размахваць ва ўсе бакі і час ад часу бразгаць па стале. І так ім абодвум рабілася весела! Толькі талеркі і кубкі спалохана заціхалі і баязліва пазіралі на ваяўнічую лыжку: як бы ім кухталя не дала!
          І быў у лыжкі любімы занятак — карміць свайго сябра Мсціслаўку. Калі мама садзіла хлопчыка на высокае крэсліца побач са сталом, лыжка нецярпліва чакала, пакуль на стале з’явіцца талерка з ежай. Пасля мама брала лыжку, а Мсціслаўка адкрываў вялікі-вялікі роцік. Лыжка хуценька падбірала кропельку кашы ці супа і паспешліва нырала ў роцік, бо, калі здаралася затрымка, галодны Мсціслаўка адразу пачынаў крыўдаваць. Вярталася з роціка лыжка чыстая і бліскучая і зноў спяшалася ў талерку па ежу — і так пакуль талерка не рабілася пустой, а Мсціслаўкаў жывоцік — тугім, як мячык. Тады Мсціслаўка забіраў у мамы лыжку і пачыналася весялосць.
          Аднаго лыжка надта ж не любіла: калі хлопчык яе кідаў на падлогу. Тады яна крыўдавала на Мсціслаўку і імкнулася закаціцца пад зэдлік ці схавацца за шафачкай. Але мама ўвесь час знаходзіла лыжку і адпраўляла мыцца разам з усім посудам.
          Часам посуду ў мойцы збіралася шмат, і талеркі пачыналі выхваляцца адна перад адной, хто з якімі стравамі меў справу.
          — З мяне сёння елі салату! — казала салатніца. — Смачную салату з агурка, памідора, перца і цыбулі!
          — А з мяне хлябалі боршч! З буракоў, бульбы і морквы! — важна бурчэла глыбокая міска.
          — А з мяне — аўсяную кашу ды яйкі! — уступала ў размову пляскатая талерачка.
          — А з мяне Мсціслаўка еў смачны яблык! — вішчэў самы маленечкі сподачак.
          — А з нас пілі каву з малаком! — хорам казалі кубкі.
          Тады да размовы далучаліся відэльцы і лыжкі:
          — Я насіў вяндлінку і каўбаску!
          — А я — шкварку з патэльні!
          — Я паклала цукар у гарбату!
          — А я чэрпала смятану проста са слоіка!
          — А я — смачнае вішнёвае варэнне!
          Булькалі пузатыя рондлі:
          — А мы варылі, парылі, тушылі!
          — Смажыла смачна! — шкварчэла патэльня.
          А калі толькі ўсе галасы сціхалі, са дна мойкі даносіўся суровы голас:
          — А я краіў хлеб!
          І астатні посуд паважліва змаўкаў, бо ўсе ведалі: нож — самы сціплы, але і самы працавіты у варэльні. Яго праца ўсім патрэбна, і што б ні гатавалі, нельга абысціся без нажа. Нож пачысціць агуркі, цыбулю, перац, бурак, бульбу, моркву, яблык. Пакрышыць садавіну ды гародніну ў салату, у боршч, у кампот, намажа масла на канапку і адрэжа тоненькі кавалачак каўбасы ці вяндлінкі. Зразумела, што і талеркі, і міскі, і кубкі, і сподачкі, і рондлі, і патэльня, і відэльцы, і лыжкі — усе-усе стараліся, каб стравы атрымаліся прыгожымі ды смачнымі. Бо кожны ведае: калі праца ідзе дружна, калі кожны робіць усё, што ад яго залежыць, дык і вынік у працы бывае добры.
          Пра ўсё пра гэта часта думала Мсціслаўкава сяброўка — лыжка. Яна ляжала, чыстая і бліскучая, разам з іншым посудам, і марыла пра той час, калі падрасце яе сябра хлопчык Мсціслаўка і будзе дапамагаць маме гатаваць. Вось тады пачнецца сапраўдная весялосць!

2.


          Мсціслаўка рос вельмі хутка. Мінула зусім няшмат часу, і хлопчык навучыўся шпарка поўзаць. І не стала лыжцы паратунку ані пад сталом, ані пад зэдлікам. Куды б ні закацілася лыжка, дзе б ні схавалася — усюды знаходзіў яе Мсціслаўка і хуценька засоўваў у свой роцік.
          “Дзіўны хлопец!” — думала лыжка. —“Што ён смачнага бачыць у пустой лыжцы?” А Мсціслаўка цягнуў у роцік усе свае цацкі, маміны асадкі, татавы пальчаткі і нават свае маленькія боцікі, ў якіх ездзіў на калясцы па вуліцы. І аднойчы лыжка зразумела, чаму ён так робіць. Калі чарговы раз Мсціслаўка раніцай засунуў лыжку ў роцік, яна бразнула па чымсьці цвёрдым. Агледзелася лыжка і ўбачыла маленькі востранькі беленькі зубок! “Віншую з першым зубам!” — хацела выгукнуць лыжка, але пасаромелася і сказала гэтыя словы надзвычай ціха. Яна была добра выхаваная лыжка і ніколі не падвышала голас. А ціхенькага голасу Мсціслаўка не пачуў, бо як раз пачаў бразгаць лыжкай па зэдліку і быў цалкам захоплены гэтым заняткам.
          Хлопчык рос не па днях, а па гадзінах і штодня знаходзіў новыя гульні ды забавы. Аднойчы Мсціслаўка ўстаў каля дзвераў, што вялі з варэльні ў калідор, і пачаў з усяе сілы бразгаць лыжкай па шкле, што было ўмацавана ў дзверы. А мама ў гэты час была ў іншым пакоі. Лыжка спалохалася не на жарты. Яна бачыла, як б’юцца шклянкі ды слоікі — варта па іх добра стукнуць. А шкло ў дзверах было вялікае, цяжкае — шматкроць большае за хлопчыка! Калі раптам разаб’ецца, можа здарыцца бяда!
          “Спыніся, Мсціслаўка!” — прасіла лыжка. Але голас у яе быў надта ціхі, і хлопчык не чуў!
          Лыжка напружылася і выслізнула з рукі на падлогу — дзынь! Але Мсціслаўка нахіліўся, хуценька злавіў лыжку і, выпрастаўшыся, яшчэ больш заўзята стаў лупіць па шкле.
          Каб нашая лыжка мела вочы, яна абавяскова заплюшчыла б іх ад страху за свайго сябра. Што рабіць? Як спыніць хлопчыка, прымусіць кінуць такую небяспечную гульню? І лыжка, павярнуўшыся ў Мсціслаўкавай руцэ, звонка трэснула хлопца ў лоб — бац!
          Як збянтэжыўся Мсціслаўка! Рука выпусціла лыжку, тварык пакутліва зморшчыўся, з вачэй паліліся слёзкі, і на ўсю кватэру загучэў пакрыўджаны бас: ”Уа-а-а! Уа-а-а!”
          Мама прыбегла з суседняга пакоя, узяла хлопца на рукі і запыталася: “Хто пакрыўдзіў майго любага сыночка?”
          “Лыжка! Лыжка мяне пакрыўдзіла!” — хацеў паскардзіцца Мсціслаўка, але ў яго атрымлівалася толькі гучнае: “Уа-а-а!”
          Мама суцяшала свайго хлопчыка, а лыжка ціха ляжала пад сталом. Лыжцы было няёмка, што яна пакрыўдзіла свайго сябра, але хіба ў яе быў выбар?
          Так, часам мы рызыкуем пакрыўдзіць нашых сяброў, калі імкнемся перасцерагчы іх ад небяспекі. Але сапраўдныя сябры заўсёды берагуць адно аднога, не баючыся крыўды і непаразуменняў.
          І лыжка спадзявалася, што хлопчык Мсціслаўка даруе ёй, бо лыжка шчыра ратавала сябра ад сапраўднай небяспекі.
          А Мсціслаўка ўжо забыўся на крыўду, споўз з мамчыных рук на падлогу, падабраў лыжку, уважліва паглядзеў на яе, гучна сказаў: “Ам!”, і працягнуў лыжку маме.

Алена Церашкова





julcik, 25.07.10 15:21

Адзнакі: 0.00/5.00 [0]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map