Самыя папулярныя старонкі

Флэш-мульт Курачка-Рабка (179871)
Беларускія імёны (178755)
Цудоўная вясёлка (167865)
Размалёўка: домік (160954)
Маляванкі для маленькіх: машынка (158799)
Каляды (каб хадзіць па хатах) (156483)
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць (155932)
Як назваць дзіця? (152895)
Тата, а ты папа? (146742)
Натуральны білінгвізм у дзетак (145546)

Натуральны білінгвізм у дзетак

Вынятка з Education bilingue
de Bernd Kielhöfer et Sylvie Jonekeit



            Білінгвізм датычыцца мяне самым непасрэдным чынам, бо я маю дачку, якая дасканала валодае як французскай, так і нямецкай мовамі, й нашая сямья валодала шчасьлівай магчымасьцю назіраць разьвіцьцё ў яе гэтых дзьвюх моваў.
            Зь якога моманту індывіда можна лічыць білінгвістам?
            У Э. Дэсэй (E. Deshayes) можна прачытаць наступную рэч: “Білінгвістам ёсьць усялякі індывід, які размаўляе на й разумее дзьве мовы без усялякіх складанасьцяў і на ўзроўні, параўнальным з узроўнем валоданьня тымі мовамі ў родным сацыяльным і культурным асяродках”.
            Білінгвіст успрыняў сваю другую мову праз выкарыстаньне яе як сродка камунікацыі ў натуральным асяродку. Ён мае пэўныя ментальныя навыкі, што даюць яму магчымасьць дзейнічаць у адной моўнай сыстэме незалежна ад іншай. Хуткі пераход з адной мовы на іншую – гэта яскравая асаблівасьць, якая назіраецца перадусім у дзьвухмоўных. Нельга не адчуць зьдзіўленьне, калі чуеш, зь якой хуткасьцю й лёгкасьцю білінгвісты пераскокваюць з адной мовы на іншую. Да таго ж, варта адзначыць, што назіраемае моўнае пераключэньне абсалютна: тут ня толькі зьмена словаў, але таксама й мімікі, жэстаў, стылю й асабліва рытму дыханьня. З прычыны такой абсалютнай зьмены маўленьня можа нават падацца, што вы бачыце іншага чалавека. Такі пераход вымагае ад прамаўляючага важкіх намаганьняў па інтэлектуальных і псыхаматорных зьменах, што ёсьць вынікам бесперарыўнай практыкі.

Раньні білінгвізм:


            Разнастайныя назіраньні паказалі, што дзіцёнак, які ў момант засвойваньня ім моўных навыкаў, знаходзіўся ў дзьвюхмоўным асяродку, вывучае іх з экстраардынарнай лёгкасьцю й без усялякіх дадатковых намаганьняў: ён засвойвае дзьве сыстэмы й можа нават думаць на кожнай зь іх! Малое валодае ўнікальнымі здольнасьцямі да моўнага навучаньня, напрыклад, на ўзроўні вымаўленьня, што з узростам губляецца. Напрацягу разьвіцьця ягонага вобразнага мысьленьня існуе фаза, калі дзіцёнак зьмешвае дзьве мовы, выкарыстоўваючы словы ці часткі сказаў адной мовы ў сказе іншай. Гэта нармальнае станаўленьне дзьвюхмоўнага дзіцёнка. Праз пэўны час ён пачынае заўважаць гутарковыя асаблівасьці свайго атачэньня, што прыводзіць да таго, што малое выкарыстоўвае мову, прыстасаваную да суразмоўцы!
            Сінхроннае засвойваньне дзьвюхмоўя ў раньнім дзяцінстве – гэта досьвед звыклы, аднак у той жа час і магічны. Каб мець посьпех на гэтым шляху самі бацькі на самым пачатку мусяць вырашыць паміж сабой, паводле якой сыстэмы дзіцёнак будзе вучыцца:

  • калі малое чуе й вывучае адну мову па-за межамі дому (моцная мова), то іншую - дома (слабая мова). У такім выпадку апошняя мова будзе мовай сямьі;

  • калі дзіцёнак вывучае адну мову з бацькам, а другую – з маці (так званы метад АБАМ- адзін бацька – адна мова).

            Тэрміны “слабая мова” й “моцная мова” ня ёсьць нейкай адзнакай аб іх вартасьцях , а выключна паказвае ўплыў, які паходзіць ад наяўнага атачэньня.
            Сыходзячы з майго досьведу й маіх назіраньняў другі магчымы варыянт (АБАМ) – найбольш праблематычны, Прыклад АБАМ:
            Слабая мова - тут мова маці, якая не жыве ў сваім родным лінгвістычным асяродку.
            Яна можа ўжываць сваю мову толькі:

  • дома ў адсутнасьць мужа;

  • калі яна не працуе па-за межамі дома;

  • калі карэнныя носьбіты атачаючай яе мовы (сямья ці сябры) адсутнічаюць.

            Бацька ўжывае выключна “моцную мову”, што па факту робіць яе сямейнай мовай, такім чынам, застаецца вельмі мала месца для “слабой мовы”. Калі адзін з бацькоў, хто размаўляе на “слабой мове” працуе ўвесь тыдзень па-за межамі дому, білінгвістычнае навучаньне робіцца ўсё больш і больш складана падтрымліваць. У дадзеным выпадку нянечка ці дзіцячы садок са “слабой мовай” ужытку зробяцца ідэальным варыянтам для малых, што змогуць вывучаць гэтую мову напрацягу ўсяго дня. У дадзеным выпадку збалансаваны білінгвізм будзе забясьпечаны ня толькі з дапамогай маці, але й пры выкарыстаньні іншых крыніцаў.
            Дарэчы, бацькоў ня мусіць турбаваць засваеньне дзіцёнкам лякальнай мовы – яна ў любым выпадку будзе вывучана малечай без усялякіх праблемаў. Гэта “слабая мова” мусіць быць падтрымана разнастайнымі дапаможнымі сродкамі: кнігамі, відыё й аўдыёкасэтамі, гульнямі й кантактамі з носьбітамі гэтай мовы, а таксама частымі - па магчымасьці - наведваньнямі той краіны, дзе гэтая мова родная.
            Напрацягу жыцьцёвага шляху дзіцёнка “слабая мова” ў яго мусіць зрабіцца “моцнай”. Білінгвістычны дзіцёнак дэманструе аднолькавую кампетэнтнасьць ва ўсіх аспэктах дзьвюх моваў.

Вось некалькі момантаў з уласнага досьведу:


            Перадусім я хацела бы сказаць, што ў мяне ўсё болей і болей складаецца ўражаньне, што посьпех у засваеньні білінгвізму залежыць ня толькі выключна ад бацькоў, але й ад асобнага дзіцёнка. Я лічу, што ёсьць пэўная схільнасьць, альбо здольнасьць, калі хочаце, для вывучэньня моваў – як ва ўсіх іншых справах. Ёсьць дзеці, што пасьпяваюць ў спорце, матэматыцы ці музыцы, ці ў нейкіх іншых рэчах. Такім чынам, калі дзіцёнак схільны да вывучэньня моваў, то білінгвістычнае навучаньне пройдзе для яго безь якіх-небудзь заўважных складанасьцяў.
            Калі малое крыху падрастае й пачынае хадзіць у школку, то цалкам нармальна, што вярнуўшыся дахаты, яно распавядае тое, што вывучыла, на той мове, на якой гэта пачула. Калі мы, бацькі, у той момант не сканцэнтраваныя, то спантанна адказваем на той жа мове. Вельмі не рэкамендую ў гэым выпадку прасіць дзіцёнка перайсьці на іншую мову, бо гэтым можна дамагчыся таго, што ён адмовіцца й больш нічога не распавядзе. Што тычыцца мяне, то я, асабіста, дазваляла сваёй дачцэ распавядаць аб сваіх занятках па-французску, перапытваючы яе час ад часу па-нямецку. Як вынік, яна ці адказвала мне адразу па-нямецку, ці пераходзіла на нямецкую праз два – тры сказы. Вяртаньне дахаты, такім чынам, негвалтоўна паглыбляла яе ў атмасфэру нямецкага маўленьня, яе ж мозг меў час перапраграмавацца.
            Сама я, безумоўна, увесь час размаўляю па-нямецку за выключэньнем тых выпадкаў, калі побач з намі ёсьць нехта, хто па-нямецку не разумее. Аднак калі мы падоўгу не бывалі ў Нямеччыне, я пачала заўважаць, што нашая дачка ўсё больш і больш ўжывае французскую; я гэта расцэньвала як яшчэ адну падставу патэлефанаваць маці й папрасіцца ў госьці на радзіму, што адразу вынішчала праблему.
            Да вышэй сказанага мы мусім дадаць, што шмат якія шчасьлівыя акалічнасьці паспрыялі станаўленьню нашай дачкі як білінгвіста:

  • Па-першае, я заўжды мела магчымасьць працаваць няпоўны дзень, што спрыяла маім трывалым кантактам з дачкой. Размаўляла я зь ёй, вядома, выключна па-нямецку. Сытуацыя нашмат больш складаная, калі дзіцёнак вымушаны размаўляць толькі на адной мове ўвесь дзень: зь няняй, у садочку ці ў школцы.

  • Далей, бацька маёй дачкі Эстэр па паходжаньні француз, але выдатна размаўляе па-нямецку, што давала мне магчымасьць не пераходзіць на іншую мову ўвечары, калі з працы вяртаўся бацька. Напрацягу першых чатырох ці пяці гадоў Эстэр мовай нашай сямьі была нямецкая; зь цягам часу імі сталі нямецкая й французская.

  • Трэці спрыяльны чыньнік: Эстэр заўжды любіла чытаць: таму яна ахвотна пагадзілася вучыцца чытаць і пісаць па-нямецку. Праз пэўны час яна пачала перапісвацца зь дзеткамі зь Нямеччыны, што моцна ёй дапамагло ў рэчышчы мовы. Нашая дачка разьмесьціла абвестку аб пошуку сяброў па перапісцы ў адным нямецкім часопісе. Сёньня яна зь вялікім задавальненьнем перапісваецца зь імі. Вельмі важна, каб дзіцёнак усьведамляў, што на ягонай “слабой мове” размаўляюць і разумеюцца іншыя людзі.

            Я заўсёды з аднолькавым задавальненьнем чытала ёй любімыя гісторыі па-нямецку, пры чым рабіла гэта нават тады, калі яна ўжо навучылася добра чытаць – тое пажадана ня толькі для дзьвюхмоўных дзетак.
            Не зьвяртайце ўвагу на тыя семьі ці на тых выкладчыкаў, якія любяць сьцьвярджаць, што дзьвюхмоўны дзіцёнак ня здольны гэтак жа добра размаўляць, як гэта робяць ягоныя аднагодкі.
            У дасьледчыка Анны Ліеці “Для дзьвюхмоўнага навучаньня” (Anna Lietti 'Pour une éducation bilingue') можна прачытаць наступнае: “Адна франкамоўная маці, якая нядаўна пераехала жыць ў Нямеччыну, расказала аб халодным прыёме, што быў аказаны яе сыну з боку новага настаўніка: “Ён мне з самага пачатку пачаў прадказваць, што зьмена мовы прывядзе да жахлівых няшчасьцяў, дысьлексіі, заіканьня, непераадольнага запавольваньня ў разьвіцьці. Адным словам кажучы, мой дзіцёнак робіцца ідыётам!”. На вялікі жаль, вы паўсюдна будзеце сустракаць ігнараваньне й асуджэньне.
Гэта магчыма, што ў нейкі момант слоўнікавы запас вашага дзіцёнка ў дачыненьні да “моцнай мовы” будзе розьніцца ад ягонага аднагодкі – носьбіта адной мовы, аднак адрозьненьне будзе мінімальным, і дзьвюхмоўны дзіцёнак хутка нагоніць.
            Па прашэсьці васьмі год нашая дачка, якая нарадзілася ў 1989, па факту стала ўсьвядомленай білінгвісткай, чым, дарэчы, ганарыцца.
            Білінгвізм – гэта магчымасьць выражацца бяз хібаў на дзьвюх мовах, вусна ці пісьмова, ва ўсіх сытуацыях сацыяльнага й прафэсыйнага жыцьця.
            На сёньняшні дзень застаецца пытаньне, ці маюць дзьвюхмоўныя людзі падвоены погляд да жыцьця й да сусьвету? Ці робіцца білігвіст аўтаматычна бікультурным?

З французскай пераклала Vola




     


julcik, 9.10.06 0:42

Адзнакі: 5.00/5.00 [1]

Няма каментараў да гэтага артыкула
 


Перайсці:  

У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту.
© "Нашыя дзеткі", 2006-2010. Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў у камерцыйных мэтах ЗАБАРОНЕНАЕ. Пры некамерцыйным выкарыстанні матэрыялаў спасылка на сайт "Нашыя дзеткі" абавязковая.
Па ўсіх пытаннях лістуйце нам!

Каталог TUT.BY Rating All.BY Internet Map