![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||
|
Казік робіць рамонтАднойчы, цудоўнай-цудоўнай восеньскай раніцай (а ўвосень раніцы рэдка бываюць цудоўнымі), дахавік Казік вырашыў зрабіць рамонт на сваім гарышчы. Здаецца, быў панядзелак. Дакладна, панядзелак. Трынаццатага лістапада.”Не за гарамі Божае Нараджэнне, а ў мяне гарышча і на жытло не падобнае. Усюды павуцінне, дах цячэ, цэгла з комінаў вывальваецца. І не дзіва, бо апошні рамонт яшчэ пры акупацыі горада войскам Пілсудскага рабілі” – думаў Казік. Ён вырашыў неадкладна пахадзіць па будаўнічых крамах і рынках, каб сваімі вачыма паглядзець на будаўнічыя матэрыялы і інструменты, прыцаніцца, што пачым. Па дарозе Казік накупляў у шапіках розных часопісаў. І “Ідэі вашага дома” і “Прыгожыя дамы” і яшчэ шмат усялякіх цікавых. “Буду вечарамі вывучаць” – меркаваў ён. Цэлы дзень дахавік швэндаўся па крамах і рынках. Але крам было багата, яшчэ больш было розных будаўнічых матэрыялаў, таму Казік працягнуў свой занятак і на наступны дзень. І на наступны дзень за наступным днём таксама… Пра свае планы Казік не сказаў ні вароне Карыне, ні свайму лепшаму сябру Юзіку. ”Ведаю я Юзіка” – думаў Казік, – “пачне адразу парады раздаваць, як гэта зрабіць, як тое ўладкаваць, хаця за сваё доўгае жыццё сам цвіка не забіў, інтэлектуал”. Падумаўшы так, Казік здзівіўся сам сабе: “Трэба ж, я нават слова “інтэлектуал” ведаю. Цікава, дзе я яго пачуў, ці не ад Юзіка. І, дарэчы, чаму я злы такі сёння, я ж добрая істота?”. Але, тым не менш, дахавік Юзік даведаўся пра планы Казіка. Неяк увечары нечакана і раптоўна ён зайшоў да сябра на гарбату. Па-англійску. Хаця не, не па-англійску. Здаецца, па-англійску не заходзяць, а развітваюцца. Гэта, калі хто не ведае, азначае, што госць пакідае ваш дом ці кватэру без папярэджвання. Не кажучы “пакуль” ці “бывай”. Вып’е ўсю гарбату з кавай, з’есць усё печыва з цукеркамі і хутчэй за дзверы. Відаць гэтыя англічане любяць пачаставацца за чужы кошт, таму, мабыць, і назвалі такое развітанне ў іх гонар. А Юзік наадварот, завітаў у госці да Казіка. Без запрашэння і папярэджвання. Як некалі завіталі татара-манголы на Старажытную Русь. Вось пасля гэтага, дарэчы, і сталі казаць, што “нязванны госць горшы за татарына”. Казік ледзь паспеў схаваць будаўнічыя часопісы, якія ён у гэты час вывучаў, пад падушку. – Прывітанне, стары, – весела сказаў Юзік Казіку, – вось ішоў паўз твой дом у бібліятэку, і думаю, дай зайду на гарбату да сябра. Ты рады? – Вельмі, – адказаў Казік. А сам падумаў: “І якая халера цябе менавіта цяпер да мяне прынесла?” А Юзік працягваў: – Чым займаешся? – Ды так, – адказаў Казік, – нічым. – А вось да мяне дайшлі чуткі, што ты рамонт вырашыў зрабіць, – сказаў Юзік. Ад нечаканасці Казік нават не ведаў, што і адказаць. “Неверагодна. Як ён даведаўся?” – думаў Казік. А Юзік, быццам бы ён чытаў думкі, сказаў: – Варона Карына бачыла цябе і ў краме інструментаў, і на будаўнічым кірмашы. І як ты часопісы ў шапіку купляў. А я ж інтэлектуал – адразу здагадаўся, што ты вырашыў рамонт на сваім гарышчы зрабіць. Дарэчы, а дзе часопісы? Ты іх відаць пад падушку схаваў? І Юзік адкінуў падушку ўбок. Пад падушкай ляжалі часопісы па рамонту. – Ну, і што я казаў? – Юзік быў радасны, як дзіцяня. Казіку нічога не заставалася, як расказаць аб сваіх планах. – Добра, – сказаў Юзік, – рамонт гэта вельмі сур’ёзная рэч, яго без падрыхтоўкі і кіравання рабіць нельга. Таму я бяру на сябе абавязкі кіраўніка. Згодны? – Згодны, – адказаў Казік. А куды яму было дзявацца? А Юзік вёў рэй далей: – Гэта слушна, што ты пачаў з вывучэння коштаў на матэрыялы і азнаямлення з часопісамі. А цяпер мы пераходзім да пункту нумар тры. – А што гэта за пункт нумар тры? – асцярожна спытаў Казік? – Гэта праект рамонту. Мы мусім нарысаваць эскіз. – А можа мы так адрамантуем, без праекта? – Казіку вельмі не хацелася займацца непатрэбнай, на яго думку, працай. – Без праекта нельга. Гэта я табе аўтарытэтна, як кіраўнік, заяўляю. І Юзік, як кіраўнік рамонту, пачаў сам складаць план і рысаваць эскіз. Дзень рысаваў, два рысаваў, нарэшце на трэці дзень скончыў. Эскіз атрымаўся яркі і маляўнічы. Праўда, як ні намагаўся Казік, але так і не змог разабрацца, што ж там пазначана. – А вось гэта што? – і Казік тыкнуў пальчыкам у нейкую чырвоную кляксу на плане. – Э, м-м-м, – Юзік зняў з галавы свой цыліндр і пачасаў патыліцу. Нарэшце ён знайшоўся, – о, гэта ж я цябе намаляваў (на самой справе Юзік выпадкова зрабіў гэтую кляксу кетчупам). – Гэта я? – спытаў Казік, – гэта ты мяне так намаляваў? А яшчэ сябар. І Казік дэманстратыўна адвярнуўся ад Юзіка. Юзік зразумеў, што зрабіў памылку. Казік жа можа і перадумаць рабіць рамонт. І тады Юзіку не ўдасца ні пакіраваць, ні ўвогуле, паўдзельнічаць у цікавай справе. І будзе ён сядзець пень пнём на сваім гарышчы і ў сто першы раз перачытваць томік Міцкевіча. – Ну, добра, – сказаў Юзік, – няхай будзе па-твойму, будзем рабіць рамонт без эскіза. І ён скамячыў аркуш над якім працаваў амаль тры дні. Чаго толькі не зробіш для сябра. Увесь наступны дзень дахавікі прысвяцілі закупам будаўнічых матэрыялаў для рамонту. Крыху прыкупілі і інструмент. Усялякія там нажоўкі, шпатэлі і іншыя дрылі. Юзік прапанаваў усё гэта завезці да Казікавага гарышча ўвечары. Маўляў, каб не турбаваць суседзяў: – Бо, – казаў Юзік, – мы будзем заносіць матэрыялы, а жыхары дома ў гэты момант будуць сноўдацца ўверх і ўніз па лесвіцы. І мы будзем ім замінаць. Так і зрабілі. Калі сцямнела і ўвесь Казікаў дом ужо рыхтаваўся да сну, а некаторыя суседзі, якім было рана ўставаць, ужо спалі, да дома пад’ехаў фургон з будаўнічымі матэрыяламі. Казік з Юзікам вылезлі з фургона, адчынілі дзверы, і пачалі цягаць на гарышча мяшкі з цэментнай сумяссю, дошкі, цэглу і яшчэ шмат іншай драбнаты. Пару разоў Юзік упусціў цагліны на лесвіцу. І ў Казіка таксама разы тры выслізнулі з рук дошкі. Грукат пры гэтым разнёсся на ўвесь дом. Суседзі нават перапалохаліся. Тыя, хто спаў, паўскаквалі з ложкаў з крыкамі “Людцы добрыя, ратуйце!”, а тыя, якія не спалі, адразу пачалі тэлефанаваць у міліцыю, ратавальную службу і “хуткую дапамогу”. На шчасце, дахавікі ўжо паспелі ўсё занесці на гарышча, іначай трапілі б або ў міліцыю або ў вар’ятню, бо вельмі хутка да дома пад’ехала “хуткая дапамога” і міліцэйская патрульная машына. Але Казік з Юзікам аб гэтым ужо не даведаліся, так як яны вельмі стаміліся і заваліліся ад гэтай стомы спаць. Спалі дахавікі вельмі доўга. І ноч праспалі і ўвесь наступны дзень. Прачнуліся толькі ўвечары. Хацелі паснедаць, але як снедаць увечары? Увечары не толькі не паснедаеш, але і не паабедаеш. Таму Казік з Юзікам адразу павячэралі. А пасля і настрой у іх падняўся. Юзік прапанаваў не цягнуць з рамонтам і прыступіць да яго адразу ж. – А чаго нам чакаць? – сказаў ён Казіку, – пакуль жаданне не знікла і ёсць сілы пасля смачнай вячэры, трэба працаваць. І Юзік пачаў разводзіць цэментную сумесь. Ён наліў у тазік вады, насыпаў туды з мяшка сухую сумесь і ўключыўшы дрыль пачаў круцелкай размешваць усю гэтую масу. Дрыль завыў і ва ўсе бакі паляцелі цэментныя пырскі. Казік не паспеў адбегчы ад Юзіка і пырскі трапілі яму на адзенне, на твар і нават у рот. – Цьху-цьху-цьху! – пляваўся Казік. – Спыніся, калі ласка, – крыкнуў ён Юзіку. Але дрыль завываў так гучна, што Юзік не пачуў Казікавага крыка і прыпыніўся толькі тады, калі размяшаў усю цэментную сумесь. Вярней не ўсю, а толькі палову, бо другая палова запырскала ўсё гарышча. Да таго ж, завываннем дрыля Юзік вельмі напалохаў суседзяў па дому, якія пачалі меркаваць, хто ж там недзе вые? Можа гэта нейкія паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі ці баннікі? “Бр-р-р, як страшна!” – затрэсліся ў сваіх кватэрах суседзі. Яны хацелі ўжо класціся спаць, а некаторыя з іх нават ужо і спалі, ды іх разбудзіла гэтае незразумелае завыванне недзе на даху. І тым суседзям, якія яшчэ не спалі і другім – якія прачнуліся, потым усю ноч сніліся кашмары, у якіх з чорнага-чорнага начнога неба падалі на зямлю і нема крычалі страшныя паморкі, ведзьмакі, кадукі, трасцы, халеры, ваўкалакі і баннікі. Між тым Юзік працягваў сваю працу. Пасля таго, як ён размяшаў цэментную сумесь (вярней тое, што ад яе засталося), ён узяў у адну руку цагліну, у другую – кельму і пачаў рамантаваць комін, у якім не хапала некалькіх цаглін. Юзік засіліў кельмай цэментную сумесь і шпурлянуў яе на комін. Сумесь замест таго, каб трапіць у адтуліну, дзе не было цагліны, плюхнулася зусім у іншае месца. Пырскі паляцелі ў твар Юзіка, а адна пырска – проста яму ў вока. – А-а-а! – закрычаў Юзік, больш ад нечаканасці, чым ад болю. Ён кінуў і кельму і цагліну і пачаў прамываць вока. – Бачу, што рамонт сёння скончаны, – сказаў Казік і палез на дах паглядзець перад сном на месяц. Назаўтра інтарэс Юзіка да рамонта знік. Ды і вока ў яго ад цэменту пачырванела. – Прабач, – сказаў ён неяк вінавата Казіку, – але ў мяне сёння шмат неадкладных спраў, ды і ў паліклініку трэба зайсці. І Юзік развітаўся. А на наступны дзень не з’явіўся, знік. І на наступны дзень за наступным таксама. Прыйшлося Казіку рабіць рамонт аднаму. Цэлых тры тыдні ён тынкаваў, фарбаваў, піліў, габляваў, клеіў і прыбіваў. Правёў на гарышча вадаправод, паставіў на дах спадарожнікавую антэну і камплект сонечных батарэй. – Фу, нарэшце скончыў я гэты рамонт, – сказаў Казік сам сабе. Ён абвёў позіркам гарышча, якое цяпер проста нельга было пазнаць. Блішчэла белай фарбай акно, коміны былі, як новыя. Пахла свежым дрэвам падлога і столь. А ў цэнтры памяшкання зелянела калядная елка. Казік пазваніў вароне Карыне і знікламу Юзіку (сябар усё ж) і запрасіў іх да сябе сустракаць Божае Нараджэнне. Раніцу дваццаць чацвёртага снежня дахавік прысвяціў паходу па крамах. Ён купіў падарункі Юзіку і Карыне, а потым накіраваўся да касцёла на святочную Імшу, дзе і сустрэў сяброў. Пасля Імшы сябры сабраліся за святочным сталом у Казіка. За акном быў мароз і снег, свяцілі зоркі, а тут, на гарышчы ў Казіка, было так утульна і прыгожа, як у казцы. Зрэшты гэты вечар і быў чароўнай казкай.
|
||||||||||||||||||||||||||
Кніжны куток /
Мультымедыя /
Друкаванкі і самаробкі /
Цяжарнасць і роды /
Гадаванне /
Метадычныя матэрыялы /
Сям'я і свет /
Мова Форум / Блогі / Фотаальбом / Подпісы да форумаў / Афіша / Паштоўкі / Жывы слоўнік / Наша мапа Мапа сайту / Пра нас / Кантакты |
|||||||||||||||||||||||||||
У артыкулах захаваны правапіс аўтара. Тэксты выкладзеныя ў азнаямленчых мэтах. Калі знаходжанне пэўнага тэксту ў нашай бібліятэцы парушае Вашыя аўтарскія правы - калі ласка, паведамце пра гэта па адрасе dzietki@gmail.com і мы тэрмінова прыбяром тэкст з сайту. |
|||||||||||||||||||||||||||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||
![]() ![]() |